Мой родны край — мой лёс! За што і чаму шаркаўчане любяць сваю малую радзіму? Міні-апытанне

Актуальное

IMG_5677 (Копировать)

Шаркаўшчынскі раён хоць і невялікі па памерах, але кожнаму з нас, жыхароў прыдзісненскага краю, па-свойму дарагі і любы сэрцу. Тут мы нарадзіліся, выраслі, выйшлі на шырокую дарогу жыцця. Хтосьці застаўся жыць і працаваць у раёне, прыносячы свайму рэгіёну дабрабыт. Некаторыя раз’ехаліся ў гарады Беларусі, іншых краін, але заўсёды з радасцю зноў і зноў вяртаюцца сюды, на сваю малую радзіму. Напярэдадні 80-годдзя ўтварэння нашага раёна мы спыталі ў шаркаўчан, што кожнага з іх звязвае з гэтым невялікім куточкам нашай сінявокай Беларусі.

Вера ЗАХАРАВА:

— Мой родны край стаў для мяне маім лёсам. Нарадзілася ў вёсцы Бардзянцы. Пасля атрымання адукацыі пераехала жыць у гарпасёлак, дзе разам з мужам Арсеніем стварылі сям’ю. Усю сваю частку працоўнага жыцця я прысвяціла Шаркаўшчыне. Больш трыццаці год адпрацавала бухгалтарам пасялковага Савета. З 1997 года з’яўляюся адказным сакратаром раённага савета ветэранаў. Хоць ужо даўно на заслужаным адпачынку, але сваёй працай стараюся прыносіць карысць людзям, роднаму краю. Добра памятаю, якой была Шаркаўшчына ў сярэдзіне мінулага стагоддзя: бездараж на вуліцах, старыя пасляваенныя жылыя і адміністрацыйныя будынкі. З часам усё змянілася ў адваротны бок. Цяпер прыемна бачыць дагледжаныя сядзібы, заасфальтаваныя вуліцы і дарогі, навокал прыгажосць, якая радуе вока ў любы перыяд года. Няхай так будзе заўсёды!

Міледзій КУКУЦЬ:

— Як жа можна не любіць шаркаўшчынскія маляўнічыя мясціны, непаўторнае прыроднае хараство гэтага краю, працавітых жыхароў? Хоць я і нарадзіўся на Міёршчыне, але большую частку свайго жыцця правёў у Шаркаўшчыне. Пайшоў у 7 клас мясцовай школы, а пасля набыцця адукацыі зноў вярнуўся сюды. Прайшоў працоўны шлях ад электрыка да старшыні калгаса. Пэўны час працаваў начальнікам дзяржтэхнагляду і інжынерам па ахове працы райсельгасхарчу. З настальгіяй у душы ўспамінаю тыя далёкія часы, калі ў 1966 годзе Шаркаўшчынскі раён быў адноўлены. Пачалі аднаўляцца прадпрыемствы і арганізацыі, вялася будоўля і ў гарпасёлку, і ў раёне. Мы не толькі добра працавалі, але і з густам праводзілі святы, свой адпачынак. У калгасе імя Гагарына быў духавы аркестр, футбольная каманда. Прыемна ўспамінаць, якія дэманстрацыі ладзіліся ў дні дзяржаўных свят у Шаркаўшчыне. Усё было маштабна і велічна. Сённяшняму і будучаму пакаленням шаркаўчан жадаю, каб нашы дасягненні дзеля дабрабыту раёна працягваліся яго маладымі жыхарамі. Няхай квітнее і багацее наш рэгіён над ціхаплыннымі водамі маляўнічай ракі Дзісны!

Ядзвіга Баляславаўна ЧАРВІНСКАЯ:

— У мяне дзве радзімы: адна — у Міёрскім раёне ў невялічкай вёсачцы Крупенішча, дзе нарадзілася і прайшло маё дзяцінства, і другая — Шаркаўшчына. Тут адбылося маё станаўленне як асобы. Гэта быў жнівень 1966 года, калі ўзнаўляўся раён і патрэбны былі маладыя кадры. Я прыехала на пасаду загадчыцы школьнага аддзела райкама камсамола…

Першыя ўражанні аб гарпасёлку — дагледжаныя, хоць і старэнькія дамы, квітнеючыя клумбы, амаль на ўсіх іх красаваліся вяргіні.

Будынак школы, дзе зараз размешчаны цэнтр дзяцей і моладзі, быў цэнтрам ўсёй работы камсамола і там праходзілі розныя мерапрыемствы. У 1989 годзе пабудавалі сярэднюю школу № 2 і я стала дырэктарам. З цеплынёй прыгадваю калег-настаўнікаў, якія прымалі ўдзел у будаўніцтве школы, працавалі ў ёй, і, канечне, сваіх вучняў. У такі знамянальны для нашага раёна дзень хачу ўзгадаць тых, каго ўжо няма з намі побач, але яны вучылі нас прафесіяналізму, добраму, разумнаму, вечнаму — гэта настаўнікі Алена Генрыхаўна Бурчык, Марыя Аляксандраўна Касцюкевіч, Іван Маркавіч Ігнацікаў, Любоў Сяргееўна Асіпенка і іншыя.

З нагоды 80-годдзя раёна сардэчна віншую ўсіх шаркаўчан і жыхароў раёна з юбілеем. Гэта святочная дата аб’ядноўвае ўсіх нас, незалежна ад узросту, прафесіі і веравызнання, таму што гісторыю раёна пішуць яго жыхары — працавітыя, энергічныя, адукаваныя і таленавітыя людзі. Гісторыя працягваецца, і хочацца пажадаць, каб у нашага раёна наперадзе было шмат добрых юбілеяў. А гэта магчыма толькі пры ўмове, калі кожны з нас будзе адчуваць асабістую адказнасць за лёс сваёй малой радзімы. Тады, дзякуючы сумесным намаганням, ён будзе развівацца і квітнець. Жадаю роднаму краю стабільнасці і працвітання, а ўсім вам — моцнага здароўя, больш ясных сонечных дзён, добрых і радасных падзей, шчасця, дабрабыту і, канечне, новых працоўных поспехаў.

Яўгеній Фаміч КАНДРАЦЕНКА:

— Мая малая радзіма — вёска Вілец — знаходзілася ў маляўнічым месцы, размешчаным на рацэ Мнюта. Другой стала Шаркаўшчына. Я змяніў некалькі пасад: ад намесніка старшыні райспажыўтаварыства да дырэктара міжраённай спажывецкай базы. 23 гады працаваў на пасадзе старшыні Шаркаўшчынскага райспажыўсаюза. Менавіта ў гэты перыяд ішло вялікае станаўленне кааперацыі. Ва ўсіх вёсках вялося будаўніцтва магазінаў. У Шаркаўшчыне былі пабудаваны рынак, хлебазавод, пашыралася база. На тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна ў месяц праводзіліся па 10—20 семінараў, прыязджалі прыбалты, расіяне і іншыя. Мы былі аднымі з лепшых… Добры быў час для кааперацыі, зараз ўсё змянілася.

Паважаныя ветэраны працы, былыя калегі, сябры, працаўнікі, сёння спаўняецца 80 гадоў нашаму раёну. Здавалася б, невялікі прамежак часу, гэта сярэдняе жыццё чалавека. Але за гэтыя гады праслаўлялі сваёй працай наш край некалькі пакаленняў жыхароў Шаркаўшчыны.

Хочацца пажадаць усім шаркаўчанам здароўя, павагі і шчасця, шчодрых ураджаяў і выдатных надояў у сельскагаспадарчай вытворчасці, высокіх паказчыкаў у іншых галінах дзейнасці.

Апытанне правялі Алена АНАНІЧ і Сяргей РАЙЧОНАК.