“Праца на зямлі — аснова сялянскага жыцця”

Актуальное

Фота 1 (Копировать)

Вы са мной згодны, што далёка не кожны школьнік, які мае выдатныя адзнакі па гісторыі Беларусі, ведае падрабязнасці гісторыі сваёй сям’і? І гаворка тут не пра сем пакаленняў — пра ХХ стагоддзе. Сучаснаму школьніку можа стацца неверагодным фактам, што звыклыя сёння джынсы, яшчэ якіх 30—40 гадоў таму былі дэфіцытам, а каляровы тэлевізар з’явіўся ў сем’ях усяго толькі ў 1960-х. Таму прызнаемся — гісторыя побыту ў Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя з’яўляецца маладаследаванай. Аднак мы можам даведацца пра яе ад непасрэдных сведак часу.

Важнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца тагачасныя фотаздымкі і ўспаміны. Сведкі тых падзей маюць поўнае права перадаць нам і ўласнае бачанне гісторыі. Іх успаміны дазваляюць паглядзець на гістарычныя падзеі вачыма канкрэтнага чалавека ў кантэксце свайго жыцця, побыту і ўлічыць яго стаўленне да тых ці іншых змен у грамадстве.

На пазнанне найноўшай гісторыі і быў скіраваны конкурс «Па-за кадрам: ад гісторыі сям’і да гісторыі супольнасці”, які прайшоў у 2018 годзе ў рамках праекта «Конкурсы па гісторыі ў Беларусі, Грузіі, Малдове, Украіне». Храналагічныя рамкі конкурсу былі абмежаваны перыядам гісторыі Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя (1945—1991 гг.).

Адразу адзначу, што ў ім прымаў удзел выпускнік Германавіцкай школы, а зараз студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Уладзіслаў Бондар.

За сваю працу пад назвай “Праца на зямлі — аснова сялянскага жыцця” юнак атрымаў дыплом III ступені. Яго куратарам была настаўніца гісторыі Іна Сямёнаўна Пучынская, якая па нашай просьбе і даслала ў рэдакцыю невялікі змест працы былога вучня.

Вось пра што там гаворыцца:

— Зямелька любіць руплівых — не адзін раз я чуў гэтыя словы ад сваякоў. Гэтага простага правіла прытрымліваліся мае продкі з даўніх часоў і заўсёды жылі з таго, што мелі, дзякуючы сваёй працы. Дадзеную тэму эсэ я выбраў таму, што яна мне блізкая, знаёмая і зразумелая, так як мы з бацькамі жывём у сельскай мясцовасці. Мае тата і матуля Алег Васільевіч і Галіна Францаўна Бондары, бабуля і дзядуля Тэадора Уладзіславаўна і Франц Іосіфавіч Урублеўскія і зараз жывуць у вёсцы Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці.

Бабуля Тэадора Уладзіславаўна нарадзілася ў з сям’і Аблама Уладзіслава Уладзіслававіча і Монікі Янаўны. Гэта мае прабабуля і прадзядуля па лініі маці. Яны, як і папярэднія пакаленні сваякоў, таксама жылі ў прыгожай, непаўторнай сваёй прыгажосцю, вёсцы Германавічы. Дарэчы, мяне назвалі Уладзіслаў у гонар майго прадзядулі.

Як вясковыя людзі, мае продкі займаліся сельскай гаспадаркай: гадавалі жывёлу, апрацоўвалі зямлю, якая была для іх карміцелькай і святыняй.

У нашай сям’і захоўваюцца фотаздымкі, якія датуюцца 1963 годам. Справа ў тым, што ў госці да майго прадзядулі Уладзіслава прыехалі з Луганска (на той час ён знаходзіўся ў складзе Украінскай ССР) сваякі, адзін з якіх,  Вацлаў Вацлававіч Рубніковіч, працаваў фатографам. Усе фотаздымкі, аб якіх пойдзе размова, зрабіў ён. Аб гэтым мне паведаміла мая бабуля Тэадора Уладзіславаўна.

Вядома, фотаапаратаў у сялян не было, і калі трапляўся выпадак, то рабілі фотаздымкі значных праяў жыцця. Здымалі моманты апрацоўкі зямлі, уборкі ураджаю, гаспадарку і, канешне, дзяцей.

Самае важнае для селяніна было вырасціць хлеб. Таму фотаздымкі прысвечаны менавіта ўборачнай кампаніі. На адным з іх на калгасным полі жанчыны-паляводы ўбіраюць лён. Сярод іх мая прабабуля Моніка (першая злева) і сястра майго прадзядулі Роза (другая злева). Лён ірвалі ўручную, потым звязвалі ў снапы і адвозілі на льнопрыёмны пункт. Праца гэта была цяжкая, але жанчыны, як бачна на фотаздымку, маюць добры настрой, усміхаюцца, радуюцца. Магчыма таму, што добрае надвор’е спрыяе ўборцы лёну, а можа таму, што яны атрымліваюць асалоду ад працы. На заднім плане абрысы вёскі Германавічы. Сёння вёска і ваколіцы змяніліся, але па бачным удалечыні будынку касцёла Перамянення Пана можна ўпэўнена сказаць, што гэта наша вёска. Касцёл, пабудаваны ў 1787 годзе, перажыў розныя ліхалецці, сёння дзейнічае і ўпрыгожвае нашу вёску.

У 60-я гады ўжо ўсе вяскоўцы ўступілі ў калгас. Вядома, мае прабабуля і прадзядуля, а таксама незамужняя сястра прадзядулі Роза, якая жыла разам з імі, таксама сталі калгаснікамі. Інакш было нельга, так як вяскоўцаў, якія не сталі калгаснікамі, маглі прылічыць да кулакоў і рэпрэсіраваць.

Калектыўныя гаспадаркі сталі стварацца ў нашай мясцовасці пасля Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкай акупацыі некалькі гадоў сяляне вялі аднаасобную гаспадарку, апрацоўвалі свае надзелы зямлі. Але праз некаторы час улады загаварылі аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі, распачалі наступленне на “кулакоў”. І вось 6 верасня 1947 года была прынята пастанова Савета Міністраў БССР “Аб падатковыям абкладанні кулацкіх гаспадарак заходніх абласцей БССР” (75—100 працэнтаў ад даходу). Да кулацкіх сталі адносіць больш-менш заможныя гаспадаркі, якія мелі 5 і болей гектараў зямлі і выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу. Часам наёмнай сілай у кулацкіх гаспадарках аказваліся падлеткі-пастухі або сваякі, якія дапамагалі збіраць ураджай. З кожным годам усё большая колькасць сялян, згодна з дзяржаўнымі планамі, павінна была аб’ядноўвацца ў калгасы. Калі ў 1946—1948 гадах у раёне іх было ўсяго 2, то да пачатку 1950 года мелася 100 калгасаў і адзін саўгас.

У 1958 годзе калгас “Буравеснік” (былы калгас імя Мічурына) набыў чатыры трактары “ДТ-54”, трактар “Беларусь”. А праз дзесяць год у гаспадарцы меліся 10 трактароў, 3 камбайны, 4 аўтамашыны, 2 бульбасаджалкі, 2 бульбаўборачныя камбайны. 10 снежня 1965 года была завершана электрыфікацыя калгаса, а напрыканцы 1966 года пабудаваны жалезабетонны мост праз раку Дзісну, які дзейнічае да сённяшняга часу.

На той час у калгасе грошай за работу не плацілі, а ўлічвалі адпрацаваныя працадні. Пасля таго, як калгас разлічваўся з дзяржавай, калгаснікам выдавалі за колькасць выхадаў на работу натуральную аплату. Таму патрэбна было для забеспячэння сваёй сям’і прадуктамі харчавання абавязкова мець сваё ўласнае падвор’е і апрацоўваць кавалак зямлі.

Так з пакалення ў пакаленне перадавалася ў нашым родзе неабходнасць мець свой  падворак і працаваць на зямлі. Зараз у вёсцы няма асабліва жадаючых утрымліваць жывёлу, бо шмат клопату, цяжка. Больсшаць вяскоўцаў адмовілася ад вядзення хатняй гаспадаркі. А ў нашым падвор’і маюцца свінні і каровы, гадуем птушку. Мае бацькі, як і іх продкі, шчыра працуюць. Я таксама маю пэўныя абавязкі. У нас адзін гектар зямлі, дзе мы штогод сеем азімыя і яравыя, садзім бульбу і гародніну. З пакалення ў пакаленне ў нашым родзе перадаецца простая жыццёвая мудрасць: праца на зямлі — аснова сялянскага жыцця.

Да друку падрыхтавала Алена АНАНІЧ.

Фота 2 (Копировать) Фота 3 (Копировать) Фота 4 (Копировать) Фота 5 (Копировать) Фота 6 (Копировать)