Уладзіміра Антонавіча Федуковіча, які працуе слесарам-рамонтнікам цэнтральнай кацельнай УКП ЖКГ у гарадскім пасёлку, характарызуюць як працалюбівага чалавека. Ён акуратна і якасна выконвае сваю работу, дзякуючы гэтаму абсталяванне кацельнай заўсёды знаходзіцца ў спраўным стане.
Нядаўна мы пабывалі там. У памяшканні кацельнай дружна кіпела работа: аператары падтрымлівалі агонь у катлах, электрыкі вялі электраправодку, а жанчыны з будаўнічай арганізацыі ПМК-68 займаліся тынкоўкай, пабелкай сцен і столі будынку.
— У нас яшчэ працягваецца рэканструкцыя, — пад гул рухавікоў паведаміў Уладзімір Антонавіч, — нядаўна перайшлі на мясцовыя віды паліва, а газавыя катлы і абсталяванне будуць знаходзіцца ў рэзерве на выпадак моцных марозаў або аварыйных сітуацый.
— Такі моцны шум не перашкаджае ў працы? — спыталі мы ў Уладзіміра Антонавіча.
— Не, ні ў якім разе, наогул, за гады работы я ўжо прывык, — з усмешкай на твары адказаў нам мужчына. — Ужо дванаццаць год я працую на гэтым аб’екце.
— А з чаго пачынаўся ваш працоўны шлях? — задалі такое пытанне нашаму суразмоўцу.
— Нарадзіўся і вырас я ў Шаркаўшчыне, — працягвае гутарку Уладзімір Антонавіч. — Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 пайшоў працаваць на цагельны завод. Васямнаццацігадоваму юнаку было цяжкавата, хоць фізічна я быў загартаваны. Некаторы час быў грузчыкам на хлебазаводзе. Закончыўшы курсы аператараў кацельных установак у нашай райсельгастэхніцы, працаўладкаваўся па спецыяльнасці ў Александроўскі дом-інтэрнат. Праз сем год кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі прапанавала перайсці на цэнтральную кацельную гарадскога пасёлка. К гэтаму часу тут ужо эксплуатаваліся катлы на прыродным газе, таму я накіраваўся на курсы павышэння кваліфікацыі ў Віцебск. Атрымаў адпаведнае пасведчанне з кваліфікацыяй “слесар газа”.
З таго часу прайшло дванаццаць год. Я ні разу не пашкадаваў, што абраў гэту прафесію, якая ў літаральным сэнсе нясе цяпло, камфорт і ўтульнасць людзям у дамы, вытворчыя аб’екты.
Падтрымкай у жыцці для мяне з’яўляюцца жонка Таццяна, сын Андрэй і дачка Алеся. Наогул, адносіны ў нашай сям’і пабудаваныя на ўзаемных павазе, даверы і любові. Менавіта дзякуючы сваім родным, я заўсёды шчаслівы крочу на працу і з усмешкай на твары вяртаюся дадому, дзе чакаюць мяне мае дарагія сэрцу людзі — Танюша, Андрэй і Алеся.
На мінулым тыдні Уладзімір Антонавіч Федуковіч быў адзначаны высокай узнагародай — яму прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Шаркаўшчыны-2019” у намінацыі “будаўніцтва і жыллёва-камунальная гаспадарка”. Нездарма кажуць у народзе, што чалавек працай славіцца. Вось і працоўныя дасягненні Уладзіміра Антонавіча не засталіся не заўважанымі з боку раённай улады, а гэта высокая ўзнагарода — яскравы таму доказ.
Сяргей РАЙЧОНАК.