Восень — клопатная пара. Трэба ўбраць усё вырашчанае пакуль спрыяе надвор’е, тады і прадукцыя будзе якаснай. Неабходна ачысціць палі ад саломы, у першую чаргу там, дзе падсеяны шматгадовыя травы. Таму механізатары ў гаспадарках звозяць салому з палёў, дастаўляюць караняплоды да месцаў буртавання, закладваюць аснову будучаму ўраджаю.
У ААТ “Княж” на працягу ўсёй уборачнай кампаніі ствараў фронт работ для тых, хто задзейнічаны на адвозцы рулонаў, Віктар Юльянавіч Хаданёнак. Ён на трактары МТЗ-82 з рулонным падборшчыкам ПРФ-145 скручваў салому ў круглякі.
— Вытворчасць маёй працы залежыць ад таго, наколькі ўраджайнае было поле са збажыной, — расказваў пры сустрэчы механізатар. — Там, дзе былі рэдкія пасевы, павялічваю хуткасць трактара, каб набраць патрэбную колькасць саломы ў агрэгат, а дзе ўраджайнае поле, там рулон за рулонам выскоквае. За змену магу скруціць да 90 круглякоў.
Завяршыў Віктар Юльянавіч гэту работу, цяпер выконвае іншыя, робіць перавозкі на трактары. Восенню набягае работ восем. І большасць з іх кладзецца на механізатарскія плечы. У тым ліку і на В. Ю. Хаданёнка, які заўсёды працуе добрасумленна.
Кацярына СОСНА
