Замацаваць дасягнутае
Такую задачу паставіў калектыў ДБР-26. Летась дарожна-будаўнічы раён перавыканаў вытворчыя заданні па ўсіх паказчыках і з добрым задзелам увайшоў у 1980 год. Планавае заданне першага квартала перавыканана. У сацыялістычным спаборніцтве за першынство вызначыліся ўчасткі, дзе прарабамі працуюць Аляксей Чарнуха, Уладзімір Карпенка, Уладзімір Дрэмач. Рабочыя ДБР-26 працуюць на дарогах Пастаўшчыны, Міёршчыны, Браслаўшчыны, Глыбоччыны. Добрых, шчаслівых дарог вам, будаўнікі!
Па турыстычных пуцёўках
Шмат увагі ўдзяляецца ў саўгасе “Шаркаўшчынскі” адпачынку рабочых. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца турыстычныя маршруты. Шафёр саўгаса Анатоль Татаровіч і маладая даярка Людміла Ралькевіч пабывалі ў Севастопалі, Адэсе, Новарасійску, Кіеве, Херсоне, Феадосіі. У складзе турыстычнай групы былі таксама працаўнікі з іншых гаспадарак раёна. Сярод іх даглядчыкі маладняку БРЖ Ганна Грыгаровіч і Ларыса Рачыцкая, паляводы Ганна Буткевіч і Разіада Рыбнікава з калгаса “Маяк”. Яны дабіліся высокіх вытворчых паказчыкаў у сацыялістычным спаборніцтве і за добрасумленную працу былі прэміраваны турыстычнымі пуцёўкамі.
У гарадку меліяратараў
У ПМК-51 меліярацыі прыдаецца важнае значэнне будаўніцтву. За апошнія чатыры гады пабудаваны адміністрацыйны будынак, кацельная, заправачная, уведзены ў эксплуатацыю 18-кватэрны жылы дом, дзевяць двухкватэрных. Заканчваецца будаўніцтва 27-кватэрнага. Жыллё атрымалі шафёр Жукоўскі, механізатары Шэнда, Праўдзін і многія іншыя. Меліяратары ў адказ на клопаты аб паляпшэнні іх жыллёвых умоў стараюцца працаваць з найбольшай прадукцыйнасцю. Да 110-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна многія з іх выканалі заданні дзясятай пяцігодкі.
Авіятары — вяскоўцам
Вялікую дапамогу аказваюць хлебаробам лётчыкі сельскагаспадарчай авіяцыі. З самай раніцы ўзнімаюцца самалёты ў неба. Асабліва старанна працуе экіпаж у складзе Валерыя Путры і Сяргея Церахава. Так, напрыклад, у саўгасе “Шаркаўшчынскі” лётчыкі зрабілі за дзень 45 вылетаў, падкармілі лугі і пашу на 270 гектарах. Усяго ж у гаспадарцы падкормка шматгадовых траў праведзена на плошчы 410 гектараў. Да позняга вечара раздаецца ў небе гул самалётаў. Працуюць крылатыя памочнікі.
Дзік пасябраваў з людзьмі
Аднойчы вярталіся людзі дадому. Сярод іх быў і паляўнічы Ф. Казлоўскі. Яны ўбачылі знясіленага дзікага кабана. Ён, відаць, адбіўся ад свайго статка і не ў сілах быў ужо рухацца. Людзі прывезлі дзіка ў вёску. Кармілі яго, даглядалі. За тры тыдні дзік прывык да людзей і ахвотна прымаў корм. З надыходам вясны дзік набраўся сілы і яго выпусцілі на волю. Але некаторыя людзі і сёння бачаць, што кабан выходзіць з лесу. Напэўна, выказвае ўдзячнасць людзям.
Славім партыю і Радзіму
Аб майстэрстве мужчынскай вакальнай групы Лужкаўскага СДК сёння ведаюць не толькі ў саўгасе “Гарадзец”. Нядаўна гледачы рэспублікі маглі ўбачыць яе выступленне па тэлебачанні. Група прымала ўдзел у рэспубліканскім аглядзе-конкурсе сельскай мастацкай самадзейнасці. Лужкоўскія артысты праспявалі песню “Як крыніца цячэ”. Цяпер ідуць рэпетыцыі да першамайскага канцэрта. Самадзейныя артысты выступяць перад мясцовым насельніцтвам, а ў сваіх песнях яны будуць услаўляць партыю Леніна, Радзіму.
Старонкі газет гартаў Сяргей РАЙЧОНАК.