«На ўрадлівых землях «Гарадца». Рэпартаж з палёў аднайменнага сельгаспрадпрыемства

Актуальное Сельское хозяйство

На ўзворванні задзейнічаны Юрый Леановіч і Іван Кірсанаў
На ўзворванні задзейнічаны Юрый Леановіч і Іван Кірсанаў

У аддзяленні Красная Гара, дзе раней была шматлюдная вёска з аднайменнай назвай, напрыканцы мінулага тыдня была сканцэнтравана значаная колькасць тэхнікі КУВСП “Гарадзец”. Тут на розных участках палёў вялося ўзворванне глебы і сяўба асўсу. За рабочым працэсам сачыла вядучы спецыяліст гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Наталля Катушонак.
— Нягледзячы на капрызнае надвор’е, мы актыўна вядзём вясенне-палявыя работы, — кажа Наталля Віктараўна. — Сёлета і запланавана пасеяць 1415 гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур, 189 га будзе пасеяна кукурузы на зерне і 487 гектараў — на сілос. Дадаткова яшчэ будзе пасеяны рапс і пасаджана бульба. Па стане на 20 красавіка ўжо пасеяны 941гектар зерневых і зернебабовых, што складае 66 працэнтаў ад планавага задання. У сельгаспрадпрыемстве на сяўбе задзейнічаны дзве сеялкі — АПП-6А і СПУ-6. А працуюць на іх вопытныя і вельмі адказныя механізатары — Аляксей Стрыжонак і Аляксандр Каснікоўскі. Дарэчы, Аляксандр лідзіруе па засеяных плошчах у гаспадарцы, а таксама займае трэцяе месца сярод сеяльшчыкаў у раёне. Ён ужо загарнуў у глебу насенне яравых культур на плошчы 469 гектараў.

Сеяльшчык Аляксандр Каснікоўскі атрымаў за сваю працу падарунак
Сеяльшчык Аляксандр Каснікоўскі атрымаў за сваю працу падарунак

Своечасовы падвоз насення да сеялак ажыццяўляюць механізатар Аляксандр Морхат і вадзіцель Сяргей Шуман.
Так як з восені не на ўсёй запланаванай плошчы было ўзнята зябліва, зараз актыўна займаемся ўзворваннем пашы. Шэсць адзінак трактараў розных марак задзейнічаны ў гэтым працэсе. Так як механізатарскіх кадраў нам не хапае, на перыяд вясенне-палявых работ дапамогу аказваюць людзі, камандзіраваныя з іншых арганізацый. Напрыклад, Аляксандр Богдзя, які працуе ў Лужкаўскім лясніцтве, на дадзены момант задзейнічаны на культывацыі глебы на трактары “Кіравец” К-744 разам з механізатарам Артурам Салькевічам. Мужчыны працуюць на энерганасычанай тэхніцы ў дзве змены. Ад прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі камандзіраваны Анатолій Баравік. Ён працуе на ўнясенні арганічных угнаенняў.
Хуткімі тэмпамі ішла сяўба яравога рапсу ва ўрочышчы Венсамполле. Сеяльшчыкі Аляксандр Каснікоўскі і Аляксей Стрыжонак на сваіх трактарах загортвалі насенне аўсу ў глебу. На размешчаным побач 22-гектарным полі ўзворванне пашы вялі механізатары Юрый Леановіч і Іван Кірсанаў. Мужчыны працуюць на трактарах “Беларус-82” у счэпе з плугамі з канца сакавіка. За месяц працы кожны з іх запісаў на свой рахунак не адзін дзясятак гектараў ўзараных плошчаў.
З кожным днём тэмпы вясенне-палявых работ у “Гарадцы” павялічваюцца. Урадлівыя глебы гаспадаркі восенню абавязкова аддзячаць аграрыям сваім шчодрым ураджаем.
Сяргей РАЙЧОНАК.