Чалавек працы — заўсёды ў пашане!

Актуальное

IMG_9909 (Копировать)

29 красавіка, напярэдадні Свята працы, у вялікай зале райвыканкама адбылася ўрачыстая цырымонія занясення лепшых працаўнікоў нашага рэгіёна на раённую Дошку гонару.

Згодна рашэнню раённага выканаўчага камітэта ад 7 красавіка 2020 года № 315 пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару па выніках працы за 2019 год у адпаведных намінацыях атрымалі 22 прадстаўнікі працоўных калектываў гарадскога пасёлка і раёна, а таксама адкрытае акцыянернае таварыства “Княж” і вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Аіда”. Цырымонію ўзнагароджвання правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака.

IMG_9942 (Копировать)

— Паважаныя шаркаўчане, дарагія сябры! Чалавек працы заўсёды быў і ёсць у пашане ў нашай краіне, — сказаў Дзмітрый Міхайлавіч. — На добрасумленнай працы заснаваны нашы поспехі і дасягненні, эканамічны дабрабыт як асобна ўзятай сям’і, так і цэлай дзяржавы. Усё, чым сёння славіцца наш раён, створана менавіта вашымі працавітымі рукамі. Выказваю кожнаму з вас сваю сардэчную ўдзячнасць! Вы па праве заслугоўваеце павагу ў калектывах, у грамадстве!

Прыміце самыя цёплыя віншаванні з майскімі святамі! Моцнага вам здароўя, шчасця і дабрабыту ў кожнай сям’і. Няхай вясна дорыць вам радасць і аптымізм, сілу для новых планаў і дасягненняў дзеля дабрабыту роднага Шаркаўшчынскага раёна і нашай краіны!

На ўрачыстым мерапрыемстве былі таксама адзначаны і пераможцы раённага агляду-конкурсу на званне “Лепшая добраахвотная дружына” і “Лепшы грамадскі пункт аховы правапарадку. Імі сталі добраахвотная дружына Більдзюгскага сельвыканкама і Савет грамадскага пункта аховы правапарадку Лужкаўскага сельвыканкама адпаведна. Званне “Лепшы дружыннік” атрымала галоўны заатэхнік ААТ “Княж” Леакадзія Буда.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9949 (Копировать)