Як ідзе ўборка караняплодаў у ААТ «Даватарскі»

Сельское хозяйство

вучні СШ № 1 на ўборцы караняплодаў

Стаіць цудоўная восень. Ёсць магчымасць у добрых умовах надвор’я завяршаць сельгасработы на палях прадпрыемстваў, у тым ліку і ўбіраць караняплоды. Аднак усе гаспадаркі ў нейкім незразумелым чаканні. А восень жа на шэрым кані едзе. Сёння сонца свеціць, а заўтра можа дождж уліць. На бурачных палетках не шматлюдна. Калі з арганізацый людзі пакідаюць свае рабочыя месцы і едуць на дапамогу вяскоўцам, то самі сяльчане, хоць былі заключаны дамоўленасці і раздзелены ўчасткі па сотках, не спяшаюцца іх убіраць. Як у той прымаўцы: “Яром ківае на Фаму, Фама ківае на Ярому”. Маўляў, гараджане ўбяруць.
Па раёне належыла да ўборкі 248 гектараў караняплодаў. Зроблена крыху больш паловы. У большасці сваёй урадзілі буракі, бо высяваліся адны з лепшых айчынных гатункаў. Напрыклад, у ААТ “Даватарскі” плошчу ў 35 гектараў займалі кармавыя караняплоды гатунку “мілана”. У працэсе росту правялі адну хімпраполку супраць пустазелля, затым людзі палолі індывідуальныя дзялянкі. На ўсіх участках яны выраслі лапушыстыя з важкімі каранямі. Іх трэба тэрмінова ўбіраць. Трапляем у аддзяленне Сасноўцы. Каля вёскі Астраўляне толькі распачалася ўборка. У той дзень на ўсім полі была адзіная жанчына з Шаркаўшчыны. Пенсіянерка Анна Іпалітаўна Рэдзіка вырашыла падзарабіць і ўзялася за працу.

А. І. Рэдзіка вырасціла важкія карані

Прыязджаем у аддзяленне Пялікі. За вёскай Дубавое на бурачным палетку сустракаем толькі вучняў 11-х класаў Шаркаўшчынскай СШ № 1. Гэта быў іх першы дзень працы ў гаспадарцы. Пра нейкія вынікі гаварыць рана, аднак можна было заўважыць і лідараў, якія ішлі наперадзе. У іх асноўны занятак вучоба. І ўсё ж падшэфнай гаспадарцы павінны аказаць дапамогу, што яны і рабілі.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *