Гарачае надвор’е будзе ў Беларусі да канца тыдня

Актуальное

images (1)

Гарачае надворе’ будзе ў Беларусі да канца тыдня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«Рэзкае павышэнне тэмпературы ў краіну прынеслі паўднёвыя вятры. Цяпер начныя тэмпературы вышэйшыя, чым у сярэдзіне дня ў пачатку мінулага тыдня. Так, мінулай ноччу мінімальная тэмпература па краіне была плюс 12-18 градусаў. Для параўнання, 1 і 2 чэрвеня ў разгар дня было ўсяго 10-17 градусаў цяпла. На працягу гэтага працоўнага тыдня чакаецца пераважанне паўднёва-ўсходняга ветру, які прынясе ў Беларусь яшчэ больш цёплае паветра з Каўказа і заходняга ўзбярэжжа Чорнага мора. Ва ўсёй Еўропе менавіта тут цяпер назіраецца ачаг самых высокіх тэмператур. Таму на большай частцы тэрыторыі Беларусі ўсталюецца гарачае надвор’е», — расказалі ў Белгідрамеце.

У аўторак, 9 чэрвеня, на ўмовах надвор’я на захадзе краіны праявіцца ўплыў атмасфернага фронту, які перамесціцца з суседняй Польшчы. Таму ў гэтай частцы Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. У начны і ранішні час у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Ва ўсходніх рэгіёнах будзе без ападкаў. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 13-19 градусаў, днём будзе 26-32 градусы цяпла, па захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, дзе чакаецца шмат аблокаў, — 23-25 градусаў вышэй за нуль.

У сераду, 10 чэрвеня, чакаецца пераменная воблачнасць, у заходніх раёнах будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу ў асобных раёнах, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі прагназуюцца навальніцы. Вецер будзе няўстойлівы ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу складзе ад 15 да 20 градусаў цяпла, днём — ад плюс 24 па паўночным захадзе да 32 градусаў цяпла па паўднёвым усходзе.

У чацвер, 11 чэрвеня, будзе пераменная воблачнасць. Ноччу ў асобных раёнах, днём пераважна па заходняй палавіне краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі чакаюцца навальніцы. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу будзе плюс 15-21 градус, днём — ад 27 да 33 градусаў цяпла. Дарэчы, такі тэмпературны фон на 4-9 градусаў будзе перавышаць кліматычную норму.

У пятніцу, 12 чэрвеня, месцамі па краіне пройдуць кароткія летнія дажджы, прагрымяць навальніцы. Вецер будзе ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра ноччу складзе 15-20 градусаў вышэй за нуль, днём — плюс 26-33 градусы.

«У бліжэйшыя выхадныя халодны атмасферны фронт, які накіроўваецца на цэнтральную Расію, закране і поўнач Беларусі, таму тут стане свяжэй, а па поўдні краіны яшчэ затрымаецца 30-градусная спёка», — адзначылі ў Белгідрамеце.