Віншаванні з юбілеем прымала Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская

Общество

Юрый Анатольевіч Васілеўскі ўзнагародзіў Ядзвігу Баляславаўну Чарвінскую
Юрый Анатольевіч Васілеўскі ўзнагародзіў Ядзвігу Баляславаўну Чарвінскую

“Прызванне — гэта маленькі расток талента, які ператварыўся ў моцнае, магутнае дрэва. Але без цягі да працы гэты маленькі расток можа засохнуць на корані”.

У слоўніку Даля слова прафесія тлумачыцца як промысел, а слова прызванне — прызначэнне. І даецца выдатны прыклад з гэтым словам: “Шчаслівы той чалавек, які можа ісці за сваім прызваннем”. Псіхолагі кажуць, што ўсе нашы сапраўдныя мары — гэта мары нашага дзяцінства.

Вось і ў жыцці Ядзвігі Баляславаўны Чарвінскай менавіта так адбылося. Яе бацькі вельмі хацелі і прыкладалі максімум намаганняў, каб дзеці, у тым ліку і Ядзя, у будучым сталі адукаванымі дастойнымі людзьмі. Так і атрымалася. Ядзя нарадзілася ў вёсцы Крупенішча Міёрскага раёна. Населены пункт размяшчаецца побач з вёскай Венсамполле нашага раёна. Вучылася ў Венсампольскай школе, сярэднюю адукацыю атрымала ў Дзісненскай СШ.

Ядзвіга Баляславаўна яшчэ ў гады вучобы ў школе была актывісткай. Гэтыя рысы характару жанчыны праявіліся і ў дарослым жыцці. Шмат год яна адпрацавала на камсамольскай рабоце ў Міёрскім і нашым раёнах. Завочна скончыла матэматычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава. Асноўную частку свайго працоўнага жыцця яна прысвяціла Шаркаўшчынскаму раёну, а менавіта працы ў былой васьмігадовай школе, затым у сярэдняй школе гарадскога пасёлка.

Ядзвігу Баляславаўну ведаюць як першага дырэктара Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2. Менавіта яна сама працавала пры непасрэдным будаўніцтве ўстановы адукацыі ў 1988 годзе. Поруч з ёй былі заўсёды калегі — настаўнікі. Аказвалі дапамогу ў гэтай справе старшакласнікі і іх бацькі. Усе тады працавалі гуртам — з’яднана і па-сяброўску. Шмат што ёсць успомніць Ядвізе Баляславаўне пра той час. Самым галоўным для сябе яна лічыць тое, што ўсе вучні, якія выйшлі са сцен школы, сталі дастойнымі людзьмі. І не важна, хто з іх стаў звычайным працаўніком сельгаспрадпрыемства, а хто атрымаў вучоную ступень.

У пачатку тыдня намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі ва ўрачыстай атмасферы павіншаваў Ядзвігу Баляславаўну з юбілеем, уручыў Падзяку кіраўніка раёна, пажадаў доўгіх і шчаслівых год жыцця. Да віншаванняў далучыліся таксама начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Рыгораўна Міхнёнак і старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава.

Сяргей РАЙЧОНАК.