19 чэрвеня прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва

Общество

IMG_0820 (Копировать)19 чэрвеня прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва па тэме «Рэспубліка Беларусь: упэўненым крокам па шляху незалежнасці». Старшыня райвыканкама Д. М. Ламака сустрэўся з працоўным калектывам УКП ЖКГ, а таксама жыхарамі аграгарадка Іёды і работнікамі ААТ «Буеўшчына.

Дзмітрый Міхайлавіч расказаў прысутным пра перыяд станаўлення і развіцця нашай краіны з 1991 года. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што за гэты час Рэспубліка Беларусь шмат чаго змагла дасягнуць. Яна паўстала з разрухі і эканамічных цяжкасцяў, стала свабоднай, незалежнай. У цяперашні час краіна імкнецца да новых дасягненняў і перамог.

Шмат станоўчых змяненняў адбылося за гэты час і ў нашым раёне. За 2019 год раёнам з чатырох даведзеных рашэннем сесіі абласнога Савета дэпутатаў паказчыкаў выкананы тры: экспарт тавараў, экспарт паслуг, а таксама колькасць працаўладкаваных грамадзян на новыя працоўныя месцы. Назіраецца станоўчая дынаміка росту па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. Забяспечаны рост рознічнага тавараабароту, выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. Раён выйшаў на чысты прыбытак. У вобласці за 2019 год ён знаходзіўся на шостым месцы па выкананні паказчыкаў. Было створана пяць новых прадпрыемстваў, працаўладкавана на новыя рабочыя месцы 58 чалавек. Уведзена ў дзеянне 14 гандлёвых аб’ектаў, адкрыта аптэка ў мікрараёне будаўнікоў у гарадскім пасёлку.

На сённяшні дзень у раённым цэнтры вядзецца будаўніцтва 40-кватэрнага дома. На плошчах былога кінатэатра “Радуга” пасля рэканструкцыі плануецца адкрыццё гандлёвага аб’екта “Санта-Брэмар”. У будынку былой Навасельскай пачатковай школы ў хуткім часе будзе адкрыты швейны цэх.

У 2020 годзе выдзелена 80 тысяч рублёў на рамонт вуліц Заслонава, Камсамольская, М. Горкага, завулка Савецкі. Закуплены кветкі і туі для азелянення і пасадкі ў райцэнтры. Высаджана 350 дрэў і 50 кустарнікаў. Усталяваны вазоны для кветак па вуліцы 17 Верасня, на скрыжаванні вуліц Маякоўскага і Вакзальнай. Прынята рашэнне дадаткова ўсталяваць на дзіцячай пляцоўцы па вуліцы Чырванадворскай батут і арэлі.

Праца па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка будзе працягвацца і далей. Галоўнае, што не толькі прадпрыемствы і арганізацыі займаюцца гэтым, але і самі жыхары. Кожны хоча, каб наша Шаркаўшчына з кожным годам прыгажэла і радавала вока не толькі мясцовым жыхарам, але і гасцям гарадскога пасёлка.

У час сумеснай гутаркі прысутныя задавалі кіраўніку раёна шматлікія пытанні, у тым ліку і асабістыя, вырашэнне якіх Дзмітрый Міхайлавіч узяў пад асабісты кантроль.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_0822 (Копировать) IMG_0823 (Копировать) IMG_0828 (Копировать) IMG_0829 (Копировать) IMG_0830 (Копировать)