Лукашэнка назваў суверэнітэт беларускай дзяржавы неаспрэчным фактарам

Актуальное

000019_1592803843_88707_big

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў суверэнітэт беларускай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у Брэсцкай крэпасці на мерапрыемстве, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адрасаваў словы асаблівай удзячнасці ветэранам за тое, што яны з гонарам вытрымалі цяжар ваеннага і пасляваеннага перыяду. «Тыя, хто пайшоў ад нас, сёння з намі, яны глядзяць адтуль (з нябёс. — Заўвага БЕЛТА) на нас і ацэньваюць нашы дзеянні. Мы ім гаворым, што іх гераічнае мінулае стала сімвалам нашай незалежнасці. Іх жыццёвы шлях — прыкладам, у якім мы знаходзім сілы для пераадолення выклікаў не толькі нашага часу, але і будучых часоў», — сказаў ён. Цяжкасці сучаснага пакалення не параўнаюцца з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі на долю ветэранаў, перакананы кіраўнік дзяржавы.

«Мы дакладна ведаем, што іх імкненне да свабоды і справядлівасці, адданасць Радзіме жывуць у кожным з нас. І гэта тая спадчыннасць, якая робіць суверэнітэт нашай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Вельмі сугучна з нашымі днямі», — прадоўжыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што трэба прадаўжаць і цяпер змагацца за сваю незалежнасць, суверэнітэт супраць тых, хто навязвае нам свае ідэі, хто ідзе сюды, каб разбурыць мір і ўсё тое, што створана ў краіне. І рабіць гэта неабходна ў імя памяці аб шматлікіх ахвярах вайны, аб загінулых у сотнях спаленых беларускіх вёсках. «Усё, што мы сёння маем, хоць і стварылі гэта сваімі рукамі, належыць не толькі нам. Яно належыць таксама і ім, а яшчэ будучаму — нашым дзецям, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Час выбраў нас, і мы павінны вырашыць праблемы, якія стаяць перад намі».

«Сёння ўсе мы, нашчадкі слаўных воінаў, увасабляем у жыццё ўсё, за што змагаліся абаронцы Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы гадуем дзяцей, будуем свае незалежныя дзяржавы, а галоўнае — мы свабодныя людзі. Мы не сталі тымі, на каго разлічвалі фашысты, прыйшоўшы сюды 22 чэрвеня», — дадаў ён.

Звяртаючыся да афіцэраў і салдат, якія цяпер нясуць службу на гэтай гераічнай зямлі, Прэзідэнт адзначыў, што і сам служыў у гэтых мясцінах і добра ведае Брэст. «Вы сёння наследнікі Перамогі, вы стаіце на рубяжы, які не быў аддадзены ворагу, пакуль быў жывы хоць бы адзін воін. Ад нас гэтага сёння не патрабуецца, але мы павінны быць гатовымі да ўсяго. Дзякуючы абаронцам Брэсцкай крэпасці дзень 22 чэрвеня стаў пачаткам краху нацысцкай Германіі. Гэта вялікі гонар — прадаўжаць традыцыі герояў, і вялікая адказнасць — абараніць свет, які яны адстаялі цаной свайго жыцця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Няхай ваша служба будзе мірнай і бяспечнай, — пажадаў кіраўнік дзяржавы. — Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі насмерць тут, але не за тысячы кіламетраў на чужых землях і тэрыторыях, там нам рабіць няма чаго. Я хачу , каб вы таксама аб гэтым памяталі».

«Шматлікія войны пакінулі глыбокі след у памяці нашага народа. Але яны навучылі нас галоўнаму — берагчы і цаніць мір і незалежнасць, без якіх у нас няма будучыні, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Я вельмі часта нагадваю аб гэтым людзям, на злобу сённяшняга дня. Мы вычарпалі рэсурс не толькі рэвалюцый, але і той час, у які мы хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў, бедныя і галодныя. Мы і толькі мы павінны будаваць сваю дзяржаву. Мы і толькі мы павінны вырашаць лёс свой і сваіх дзяцей. Няхай кожны наш дзень будзе пражыты ў імя памяці тых, хто змагаўся і паміраў дзеля нашага жыцця, дзеля нашага будучага, сённяшняга — у чыстай, утульнай, зялёнай, прыгожай Беларусі, працавітай, з разумным і мудрым народам. Няхай Гасподзь нам дасць гэту мудрасць назаўсёды, каб мы маглі жыць сваім розумам і на сваёй зямлі».