Кожны дакумент, які адкладваецца ў справаводстве той або іншай арганізацыі, знаходзіць сваё месца ў архіве і беражліва захоўваецца супрацоўнікамі названай установы. Менавіта гэтыя людзі-архівісты — сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята.
Шаркаўшчынскі раённы архіў па асабоваму складу быў створаны 30 снежня 1999 года, амаль 13 гадоў таму назад. З першых дзён існавання ў ім працуюць вопытныя спецыялісты: вядучы архівіст Валянціна Пятроўна Гайдзель і дырэктар установы Надзея Фёдараўна Кукліна, якая напярэдадні свята паведаміла нашым чытачам пра асаблівасці сваёй няпростай і даволі рэдкай прафесіі:
— Не сакрэт, што існуе даволі распаўсюджанае меркаванне, быццам бы архіў — гэта склад мала каму патрэбных дакументаў, а архівіст — кладаўшчык пры гэтых пыльных паперах. Вядома ж, гэта зусім не так. Варта, перш за ўсё, мець на ўвазе, што архіў арганізацыі — гэта не склад дакументаў, а інфармацыйная структура, дзе захоўваюцца дакументы, якія маюць гістарычную, навуковую, эканамічную і палітычную каштоўнасць, бо адлюстроўваюць жыццё беларускага народа. Адборам дакументаў на захоўванне ў арганізацыях займаюцца экспертныя камісіі (у адпаведнасці з Пералікам тыпавых дакументаў з указаннем тэрмінаў захоўвання, а таксама згодна з ведамаснымі пералікамі дакументаў, якія ў цяперашні час, з улікам змяненняў у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, пераапрацоўваюцца). Гэта дазваляе забяспечыць аптымальнае захоўванне дакументаў, якія маюць каштоўнасць як для дзяржавы, так і для асобнага чалавека.
У сучасных умовах важнейшай задачай архівістаў з’яўляецца захаванне сабранай стагоддзямі нацыянальнай памяці, гістарычнага вопыту мінулага.
Сёння, як ніколі ў нашай краіне, павялічваецца ўсведамленне таго, што архіўная справа — важная складаемая інфармацыйнай, гістарычнай і культурнай сферы жыцця грамадства. Прымаюцца ўсе магчымыя меры для развіцця дзяржаўных архіўных устаноў. Прыняты новыя нарматыўна-прававыя акты ў сферы архіўнай справы і справаводства: 25 лістапада 2011 года кіраўнік краіны падпісаў закон “Пра архіўную справу і справаводства ў Рэспубліцы Беларусь”, а 20 сакавіка 2012 года выйшла пастанова урада № 243 “Аб зацвярджэнні сістэмы дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь”.
У архіве любой арганізацыі дастаткова вялікае месца займае работа па выкананню сацыяльна-прававых запытаў грамадзян, якім неабходна пацвердзіць стаж сваёй работы, заработную плату і іншае. Захаванасць дакументаў дазваляе кожнаму з нас быць упэўненым у тым, што права чалавека на дзяржаўнае пенсійнае забеспячэнне гарантуецца заканадаўствам і ў абавязковым парадку будзе абаронена.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ