
Ёсць проста настаўнікі, а ёсць Настаўнікі. З вялікай літары. Пра што я кажу, зразумее любы, хто вучыўся ў школе. Незалежна былі вы выдатнікам ці навукі даваліся вам з цяжкасцю, але абавязкова ўспомніце настаўніка, урокі якога, хоць яго прадмет можа быў і не з самых лёгкіх, наведвалі з цікавасцю, пра якога казалі з павагай. Мне здаецца, да такіх настаўнікаў можна аднесці Станіслава Іванавіча Таўкіня. З ім я пазнаёміўся на сустрэчах выпускнікоў, якія праходзілі ў Шаркаўшчынскай СШ № 1. Нягледзячы на паважаны ўзрост, Станіслаў Іванавіч прыходзіў сустрэцца са сваімі былымі вучнямі, якія сталі ўжо сталымі людзьмі са сваімі жыццёвымі дарогамі і лёсамі. Па словах выпускнікоў, іх адносінах да Станіслава Іванавіча стала зразумела, што гэтага настаўніка яны любілі і паважалі. Колькі ўсяго вучняў было ў яго? Ну напэўна, не меней за тысячу. 10 выпускных класаў, больш за 350 вучняў праводзіў у дарослае жыццё Станіслаў Іванавіч. Напярэдадні Дня настаўніка мы сустрэліся, і ён падзяліўся з намі ўспамінамі пра жыццё і работу, думкамі пра прафесію, якой прысвяціў усё жыццё.
Вучыцца ў школу Станіслаў Іванавіч пайшоў позна, калі яму было ўжо 12 гадоў, прычына — вайна. Вучоба, работа спачатку на бацькоўскім падворку, потым на калгасных палетках. У арміі, у якую прызваўся адразу пасля заканчэння школы, адслужыў 3 гады і зарэкамендаваў сябе адказным дысцыплінаваным ваеннаслужачым. А настаўнікам стаў выпадкова, у той час адчуваўся недахоп прадстаўнікоў гэтай прафесіі, таму дысцыплінаванаму працавітаму маладому чалавеку і прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў школе. Спачатку — настаўнікам фізкультуры, у хуткім часе паступіў вучыцца завочна ў БДУ. З 1964 года пачаў настаўнічаць у Шаркаўшчынскай першай школе і прапрацаваў тут нязменна да 1993 года, калі пайшоў на адпачынак. За кар’еру прыходзілася выкладаць розныя прадметы, але асноўным стала хімія. Бясспрэчна, складаны прадмет, і настаўнік рабіў усё, каб зрабіць навучанне цікавым, стараўся тлумачыць даступна, выкарыстоўваў наглядны матэрыял, часта зроблены ўласнымі рукамі. Але настаўніцтва гэта не толькі навучанне, гэта яшчэ і выхаванне. Вучні ў любы час застаюцца вучнямі, дзецьмі. Кожны дзень яны ставяць перад настаўнікам складаныя педагагічныя задачкі, рашэнне якіх патрабуе ад дарослага імгненнай рэакцыі, ведання псіхалогіі, жыццёвай мудрасці. Станіслаў Іванавіч гаворыць, што, калі б працаваў цяпер, то выносіў складаныя сітуацыі на абмеркаванне класа і рашаў бы як быць разам з усім класам.
Якія рысы вылучаюць сапраўднага педагога, спыталі мы ў яго.

— Найперш, гэта патрабавальнасць да сябе, — тлумачыць Станіслаў Іванавіч. — Настаўнік павінен ісці на ўрок падрыхтаваны на ўсе сто працэнтаў, яго праца — гэта заўсёды работа над сабой, самадысцыпліна. Канечне ж, настаўніку трэба разумець, якая адказнасць ускладзена на яго, — выхаванне юнага чалавека. Нашы памылкі адразу не бачныя, але могуць паўплываць на ўсё будучае жыццё вучня. Настаўнік, грунтуючыся на сваім вопыце, павінен дзесьці падказаць, падтрымаць. Вось сустракаю аднойчы сваю выпускніцу, пытаюся, куды надумала паступаць. Ды вось, гаворыць, у тэхнікум, ва ўніверсітэт баюся, што не паступлю. Кажу — а хто табе сказаў, што ў тэхнікум лёгка паступіць будзе, вось збяруцца такія ж трусішкі, як і ты, і ўтвораць вялікі конкурс. Не бойся, паступай у ВНУ. Паслухала, паступіла, а потым дзякавала мне. А яшчэ адзін з маіх вучняў, што гэтак жа сумняваўся, паступіў і ў будучым стаў дэканам факультэта аднаго са сталічных універсітэтаў. Лічу, што настаўнік павінен мець добрае пачуццё гумару, дзесьці на ўроку можна пасмяяцца, пажартаваць. Настаўніку не трэба быць занадта суровым, казённым. Я і сам ніколі не любіў такіх настаўнікаў, што наводзілі на ўроках жалезную дысцыпліну. Вось памятаю, прагуляў адзін мой вучань урок. Я яму, пішы тлумачальную. Чытаю, ну быццам царскі пісар пісаў, з усімі гэтымі ўстарэлымі канцылярскімі зваротамі. Дык я нават перад класам зачытаў, пасмяяліся разам. У мяне і цяпер гэты лісток захаваўся. Ну, канечне, смех смехам, але і дысцыпліна павінна быць. Пасмяяліся, а цяпер давайце-ка за вучобу.

Вось і цяпер, варта толькі Станіславу Іванавічу прыгадаць які забаўны выпадак, як яго вочы святлеюць, пачынаюць смяяцца. Мне здаецца, што менавіта па гэтай добрай мудрай усмешцы і помняць яго ў першую чаргу вучні.
Ёсць у пажылога чалавека і свае зацікаўленні. На працягу жыцця сур’ёзна займаўся садаводствам, а таксама бульбаводставам. А калі прыходзяць госці ці чамусьці становіцца маркотна на душы, Станіслаў Іванавіч бярэ ў рукі баян і тады пачынаюць гучаць розныя, вясёлыя і сумныя, мелодыі.
Ну і канечне, варта ўзгадаць, што пачатак кастрычніка заўсёды атрымліваецца багатым на святы для Станіслава Іванавіча. Па-першае, гэта Дзень пажылых людзей, па-другое, прафесійнае свята, якое сёлета прыпадае на 7 кастрычніка, а пасярэдзіне — 3 кастрычніка Станіслаў Іванавіч адсвяткаваў свой 80-гадовы юбілей. Віншуем вас з усімі гэтымі святамі, Станіслаў Іванавіч, няхай не турбуюць вас хваробы, часцей прыязджаюць у госці дзеці і ўнукі. Думаю, да гэтых слоў далучацца ўсе вашы былыя вучні.
Андрэй БУРЭЦ
