26 чэрвеня наш раён з рабочым візітам наведалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага упраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хама. Сярод наведаных імі аб’ектаў былі сярэдняя школа № 1 гарадскога пасёлка, кафэ “Сіці”, якое нядаўна адкрылася ў гарадскім пасёлку.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё любога рэгіёна Віцебшчыны заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі абласной улады. Не выключэннем тут з’яўляецца і наш раён. На працягу некалькіх год вялася рэканструкцыя сярэдняй школы № 1. У яе рамонт і мадэрнізацыю ўкладзены немалыя грашовыя сродкі. Уладзімір Уладзіміравіч і Дзмітрый Леанідавіч азнаёміліся з выкананымі рамонтнымі работамі, а таксама з недапрацоўкамі, якія патрэбна ў бліжэйшы час ліквідаваць. Пра школу, вучэбны працэс падрабязна ім паведамілі намеснік кіраўніка раёна Юрый Анатольевіч Васілеўскі, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Рыгораўна Міхнёнак і дырэктар школы Сяргей Рафаілавіч Ганебны.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў адзначыў, што раённыя ўлады, адміністрацыя і педагагічны калектыў прыкладаюць максімум намаганняў для падтрымання і самой навучальнай установы, і прылеглай да школы тэрыторыі ў належным стане.
Наступным пунктам наведвання стала кафэ “Сіці”, якое ў сярэдзіне чэрвеня адчыніла свае дзверы для шаркаўчан і гасцей гарадскога пасёлка. Размешчана кафэ па вуліцы Чырванадворскай у мікрараёне будаўнікоў. Установа хоць і знаходзіцца на ўскрайку райцэнтра, але ўжо мае пастаянных наведвальнікаў, а дзве залы ўстановы ніколі не пустуюць, асабліва ў выхадныя і святочныя дні. Тут адпачываюць і дарослыя, і дзеці. Меню разнастайнае, а кошты прымальныя. Пра гэта Уладзіміру Уладзіміравічу Цярэнцьеву расказала гаспадыня кафэ Таццяна Грыдзюшка.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў дэталёва азнаёміўся з працай кафэ, спытаў, з якімі цяжкасцямі і праблемамі ў рабоце прыходзіцца сутыкацца. Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што нягледзячы на шматлікія эканамічныя цяжкасці ў Шаркаўшчыне паступова развіваецца эканоміка, прыватны бізнес. Для патрэб жыхароў гарадскога пасёлка, раёна ўзводзяцца аб’екты гандлю, невялікія перапрацоўчыя прадпрыемствы. А, значыць, з’яўляюцца новыя рабочыя месцы, што дазваляе працаўладкоўваць людзей.
Тое ж можна сказаць і пра рэканструкцыю былога кінатэатра “Радуга”. У хуткім часе тут адкрыецца гандлёвы цэнтр, дзе будуць працаўладкаваны каля 30 чалавек. На канец ліпеня запланавана адкрыццё швейнага цэха ў будынку былой Навасельскай пачатковай школы. Тут праведзены рамонт, закуплена і зманціравана неабходнае абсталяванне. З адкрыццём міні-прадпрыемства праца будзе прадастаўлена для пятнаццаці чалавек з ліку мясцовага насельніцтва і жыхароў раённага цэнтра.
Сяргей РАЙЧОНАК.