«Няхай больш веку доўжыцца жыццё». Са святочнага мерапрыемства, прысвечанага Дню пажылых людзей

Актуальное

на сцэне “Надзея”

Стала добрай традыцыяй у Дзень пажылых людзей ладзіць цікавае мерапрыемства ў раённым Доме культуры. Вось і сёлета з усіх куткоў райцэнтра спяшаліся людзі на сустрэчу з маладосцю, з тымі, з кім працавалі шмат гадоў. Арганізатары свята імкнуліся стварыць добры настрой прысутным. А галоўнымі артыстамі на сцэне былі ўдзельнікі жаночай вакальнай групы ветэранаў працы “Надзея”, у якой быў своеасаблівы юбілей — пяцігоддзе з дня стварэння. З такой падзеяй павіншавала калектыў начальнік аддзела культуры райвыканкама Іна Мар’янаўна Шынкевіч і ўручыла кветкі музычнаму кіраўніку групы Тэрэзе Уладзіміраўне Ахрамёнак.
З віншавальным словам да прысутных звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч. Ён, у прыватнасці, паведаміў, што ў раёне пражывае больш за 6 000 пенсіянераў, з іх 4624 — ветэраны вайны і працы. Самы старэйшы жыхар раёна Генадзій Ігнацьевіч Адзінец, якому споўнілася 107 гадоў, больш за 100 — жыхарцы Лужкаўскага сельсавета Ірыне Сцяпанаўне Аніськовіч. Звыш 90 гадоў жывуць на шаркаўшчынскай зямлі 86 чалавек.
Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што дзяржава падтрымлівае пажылых людзей і стварае неабходныя ўмовы, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі, а жыццё іх станавілася больш камфортным. Сацыяльная абарона — гэта асноўная функцыя дзяржавы. І ў раёне ўшаноўваюцца тыя, хто, нягледзячы на ўзрост, займае актыўную жыццёвую пазіцыю, знаходзіць занятак па душы.
Затым перад прысутнымі выступілі ўдзельнікі групы “Надзея”, член народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Міледзі Кукуць, квартэт “Родныя напевы” раённага Дома культуры.
У час урачыстасці атрымаў віншаванні з днём нараджэння былы старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Пятровіч Слабовіч. Са словамі падзякі за працу і з цёплымі пажаданнямі здароўя і дабра звярнулася да яго старшыня Савета ветэранаў раёна Галіна Мікалаеўна Філатава.

Аляксандр Дзіслававіч Далецкі і Яўген Фаміч Кандраценка

У гэты ж дзень, вечарам, у кафэ “Сустрэча” адзначалі залатое вяселле былы старшыня праўлення райспажыўтаварыства Яўген Фаміч Кандраценка і яго нязменная спадарожніца па жыцці і рабоце — жонка Ядзвіга Браніславаўна. Яны былі з тымі, з кім працавалі на працягу многіх гадоў у галіне гандлю. За прадастаўленую магчымасць сабрацца разам, падзяліцца ўспамінамі, пагутарыць ветэраны сістэмы кааперацыі і гандлю раёна выказалі ўдзячнасць старшыні праўлення райспажыўтаварыства А. Д. Далецкаму, які арганізаваў для былых работнікаў цікавую сустрэчу.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *