22 ліпеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Сільчонак правёў сустрэчы з працоўнымі калектывамі арганізацый гарадскога пасёлка і раёна.
Павел Мацвеевіч сустрэўся з кіраўніцтвам і работнікамі ДБУ-26. Дэпутат расказаў пра работу ніжняй палаты Парламента, пра законапраекты, над якімі дэталёва працуюе дэпутацкі корпус, пра змяненні ў дзеючым заканадаўстве нашай краіны.
Як вядома, 9 жніўня ў Беларусі пройдуць прэзідэнтскія выбары. Парламентарый звярнуў увагу прысутных на тое, каб кожны зрабіў свой выбар і абавязкова прагаласаваў. Павел Мацвеевіч падкрэсліў, што ў цяперашні час Рэспубліка Беларусь дынамічна развіваецца, на належным узроўні знаходзіцца дабрабыт насельніцтва, станоўчых паказчыкаў дасягнулі мы ў сацыяльна-эканамічным развіцці за апошнія дзесяцігоддзі. Таму варта задумацца, каб усё гэта захаваць і памножыць дзеля свайго дабрабыту і дабрабыту будучых пакаленняў грамадзян нашай суверэннай краіны.
Да дэпутата ў час сустрэчы звярнуліся некаторыя жыхары, якія пражываюць на вуліцы Маладзёжнай. Людзей вельмі хвалюе пытанне вялікага транспартнага патоку, асабліва вялікагрузных аўтамабіляў. Праблема і сапраўды мае месца. Павел Мацвеевіч паабяцаў разгледзець пытанне далейшага будаўніцтва аб’язной дарогі ў напрамку Браслава ў адпаведных установах і арганізацыях абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Жыхары гэтай жа вуліцы скардзіліся таксама на тое, што ў час дажджоў вада з вуліцы сцякае на іх прысядзібныя ўчасткі і падворкі, падтапляюцца калодзежы, бо няма далейшага сцёку. Вырашэнне гэтага пытання парламентарый таксама ўзяў пад асабісты кантроль.
У той дзень Павел Сільчонак сустрэўся таксама з працоўнымі калектывамі ўчасткаў электрасувязі, паштовай сувязі, малочнатаварны комплекс “Пашкі” ААТ “Агратэхсэрвіс”, а таксама ПМК-68.
Сяргей РАЙЧОНАК.