У Лужкаўскай школе з 1 па 22 ліпеня працаваў аздараўленчы экалагічны лагер “Экаград”

Молодежь

441 (Копировать)
выхаванцы экалагічнага лагера “Экаград”

Летам нам вельмі пашанцавала, што не прыйшлося раставацца ні са школьнымі сябрамі, ні з любімымі настаўнікамі. У нашай Лужкаўскай школе з 1 па 22 ліпеня працаваў аздараўленчы экалагічны лагер “Экаград”, дзе 25 вучняў школы мелі магчымасць адпачыць і паправіць сваё здароўе. Два атрады: “Неўгамон” і “Мурашкі” здзейснілі захапляльнае падарожжа па горадзе Экаградзе. У кожнага атрада была свая эмблема, атрадная песня, дэвіз, мноства цікавых атрадных спраў. Нашы выхавальнікі кожны раз здзіўлялі нас цікавымі мерапрыемствамі, якія часта распрацоўвалі самі.
Захапляльна праходзіла інтэрактыўная гульня пра лекавыя травы, якія мы вырошчваем на школьным агародзе, каб прыгатаваць травяны чай для школьнага фітабару. Шмат цікавага мы даведаліся пра экалогію роднага краю з экалагічнага турніра “Рэкі роднага краю, іх жыхары”. Дарэчы, гэты турнір праходзіў на маляўнічым беразе ракі Мнюта. Усім нам запомніліся хвілінкі здароўя і бяспекі, якія праводзіліся кожны дзень.
Лета — найлепшая пара для зносін з прыродай і час для рэалізацыі міжнароднага праекта “Школьны сад”, які ўзначальвае ў нашай школе дырэктар Ларыса Віктараўна Гараніна. У рамках праекта праводзяцца эксперыменты па вырошчванні сартавой цыбулі, капусты і кавуноў. Акрамя таго, мы вырошчваем маліну, якая ў ліпені ўжо дала свой першы, але вельмі багаты ўраджай.
Мы ўдзячны нашым паварам за смачныя і спажыўныя сняданні і абеды, дзякуючы якім мы паправілі здароўе, падраслі, набраліся сілы. Успаміны застануцца да наступнага лета.
Кірыл Шадрын,

вучань 7 класа Лужкаўскай СШ.