Святлана Крышталевіч трапіла ў Шаркаўшчынскі раён у 1983 годзе пасля заканчэння Ільянскага саўгаса-тэхнікума, атрымаўшы там кваліфікацыю ветфельчара. У мясцовай ветэрынарнай станцыі ёй прапанавалі пасаду па абранай спецыяльнасці ў тагачасным калгасе імя Фрунзе. На працягу дванаццаці гадоў Святлана была ветфельчарам. А калі ў 1995 годзе былы старшыня калгаса Іван Міхалёнак прапанаваў перайсці працаваць тэхнікам-асемянатарам, жанчына згадзілася, хоць і не адразу. З таго часу Святлана нязменна займаецца справай аднаўлення грамадскага статка буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемства ў аддзяленні Каўшэлева ААТ “Жвіранка” і тых вяскоўцаў, хто ў сваёй уласнай гаспадарцы трымае карову.
— Акрамя абавязкаў тэхніка-асемянатара яшчэ займаюся ветфельчарскай справай, — кажа Святлана. — На дадзеным аддзяленні нашай буйной гаспадаркі гэту работу я выконваю адна. Таму не бывае ні свят, ні выхадных у маім календары. Работа гэта мне падабаецца, хоць з увядзеннем у эксплуатацыю новай МТФ “Каўшэлева” спраў значна прыбавілася. Трэба своечасова праводзіць лячэнне жывёлы, калі такое выяўляецца, займацца штучным асемяненнем цялушак і кароў, пільна назіраць за станам здароўя маленькіх цялят, каб з-за хвароб не было падзяжу.
Нараканняў на мае адносіны да працы з боку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і спецыялістаў райветстанцыі няма, і гэта мяне радуе, бо сваю справу я стараюся выконваць бездакорна. У 2015 годзе я была ў ліку ўдзельнікаў 24-га абласнога конкурсу па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, арганізатарам якога выступіла РУП “Віцебскае племпрадпрыемства”. У 2011 годзе я ўжо ўдзельнічала ў падобным конкурсе, але тады заняла толькі шостае месца. А ў 2015-м пашанцавала атрымаць перамогу ў дадзеным спаборніцтве.
Несумненна, што сваю вельмі важную ролю ў заваяваным першым месцы адыгралі вялікі вопыт работы і старанныя адносіны Святланы да працы. Па выніках работы за мінулы год імя Святланы Аляксандраўны Крышталевіч занесена на раённую Дошку гонару. Паспрыялі гэтаму такія яе якасці як працавітасць, адказнасць і прафесіяналізм.
Паспявае Святлана спраўляцца і з хатнімі справамі. У яе вельмі прыгожы дом, а на вуліцы ўсё патанае ў рознакаляровых кветках, развядзеннем якіх жанчына займаецца ў вольны час. Аднак, па праўдзе кажучы, свабодных хвілін у яе амаль няма. Зрэдку яны надараюцца, калі ў бацькоўскі дом прыязджаюць сын і дачка, якія пражываюць непадалёк, у Браславе. Тады сэрца маці перапаўняюць радасныя пачуцці матулінай любові, дабрыні і пяшчоты.
Сяргей РАЙЧОНАК.
