Старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазміцель узнагародзіў перадавікоў жніва з КУВСП імя Маркава

Сельское хозяйство

Іван Вазміцель з перадавікамі жніва КУВСП імя Маркава Мікалаем Протасам і Станіславам Странчэўскім
Іван Вазміцель з перадавікамі жніва КУВСП імя Маркава Мікалаем Протасам і Станіславам Странчэўскім

Вясковыя хлебаробы самааддана і шчыра працуюць на жніве. Кожны з іх клапоціцца пра тое, каб як мага хутчэй сабраць вырашчаны ўраджай, каб не было страчана ніводнае зернейка. Пра гэта ж дбаюць і працаўнікі хлебнай нівы КУВСП імя Маркава.
Павіншаваць з працоўнымі поспехамі работнікаў сельскагаспадарчай вытворчасці ў пачатку тыдня прыехаў старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Вазміцель. Іван Канстанцінавіч сустрэўся са спецыялістамі, старшынёй прафкама гаспадаркі, пагутарыў з механізатарамі і камбайнерамі сельгаспрадпрыемства, даведаўся пра ход жніва, пра праблемы, якія хвалююць вяскоўцаў.
На тэрыторыі механічных майстэрань, пакуль тэхніка рыхтавалася да выезду ў поле, Іван Вазміцель узнагародзіў перадавікоў сёлетняга жніва. У КУВСП імя Маркава імі сталі камбайнер Станіслаў Странчэўскі, які па стане на 25 жніўня на камбайне КЗС-1218 намалаціў 992 тоны зерня і вадзіцель грузавога аўтамабіля МАЗ-555 Мікалай Протас. Мікалай Сямёнавіч на гэтую ж дату перавёз ад камбайнаў 804 тоны зерня.
Старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў выказаў словы ўдзячнасці за шчырую, карпатлівую працу, уручыў перадавікам Падзякі прэзідыума Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, а таксама грашовыя прэміі.
У КУВСП імя Маркава па стане на 25 жніўня было абмалочана 1609 гектараў зерневых і зернебабовых культур, што складае 92,3 працэнты да задання. У хуткім часе мясцовыя аграрыі адзначаць дажынкі, убраўшы апошнія палоскі зерневых культур.
Сяргей РАЙЧОНАК.