26 жніўня прайшло чарговае пасяджэнне Германавіцкага сельскага выканаўчага камітэта. На парадку дня разглядалася пытанне “Аб рабоце ўстаноў культуры, размешчаных на тэрыторыі сельскага Савета”. З асноўным дакладам выступіла старшыня сельвыканкама Мая Якімовіч.
На дадзены момант на тэрыторыі Германавіцкага сельсавета знаходзяцца 9 устаноў культуры. Гэта Германавіцкія Цэнтр культуры і народных традыцый, бібліятэка, Дома ганчара, мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Драздовіча, Велікасельскія сельскі клуб і бібліятэка, Сталіцкі сельскі клуб, Зоркаўскія сельскі клуб і бібліятэка.
Асноўнымі накірункамі ў рабоце ўстаноў культуры клубнага тыпу з’яўляюцца арганізацыя адпачынку насельніцтва розных узроставых катэгорый, правядзенне дзяржаўных свят, мерапрыемстваў па патрыятычнаму выхаванню, па фарміраванню здаровага ладу жыцця, павышэнне ўзроўню і якасці культурных паслуг для насельніцтва, з улікам іх пажаданняў і іншае.
За сем месяцаў 2020 года клубнымі ўстановамі праведзена 368 мерапрыемстваў, з іх на платнай аснове — 81. У цяперашні час вельмі актуальным з’яўляецца пытанне фінансавага прыбытку ад дзейнасці ўстаноў, выкананне даведзенага плану па платных паслугах. Так, за студзень-ліпень установы клубнага тыпу змаглі зарабіць 2 тысячы 239 рублёў грашовых сродкаў, што складае 82 працэнты ад даведзенага плану. Найбольшы паказчык у Германавіцкага Цэнтра культуры і народных традыцый — 111 працэнтаў, а найменшы ў Велікасельскага СК — 50 працэнтаў.
Мая Яўгеньеўна асобна спынілася на дзейнасці бібліятэк. Выдатна наладжана праца Германавіцкай і Зоркаўскай бібліятэк. Тут высокі працэнт выканання даведзеных планавых паказчыкаў. Бібліятэкары Таццяна Хоміч і Святлана Сташэўская праяўляюць сябе як работнікі, якія імкнуцца ў поўным аб’ёме авалодаць тонкасцямі бібліятэчнай дзейнасці. Абедзьве актыўна займаюцца краязнаўчай дзейнасцю, ладзяць выставы, удзельнічаюць у шматлікіх конкурсах.
На добрым рахунку ў нашым раёне знаходзіцца Дом ганчара, які ўзначальвае Сяргей Рымдзёнак. Разам са сваёй жонкай Ганнай, якая працуе матадыстам у дадзенай установе, Сяргей пастаянна ўдзельнічае ў шматлікіх фестывалях, выставах, конкурсах. Ганчарныя і ткацкія вырабы сям’і Рымдзёнкаў добра вядомыя за межамі не толькі нашага раёна і вобласці, але і ў краінах бліжняга і дальняга замежжа.
Шмат станоўчых зрухаў назіраецца ў рабоце мастацка-этнагарафічнага музея імя Язэпа Драздовіча. За першае паўгодзе тут былі арганізаваны дзве выставы з фонду ўстановы. Супрацоўнікамі музея арганізуюцца не толькі экскурсіі, але і квэсты, заняткі для малодшых школьнікаў, акцыі і іншае. Дзейнасць музея шырока прапагандуецца ў сацыяльных сетках.
У пасяджэнні сельвыканкама, які праходзіў на базе музея, прыняла ўдзел і выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што работнікі кожнай ўстановы ў абавязковым парадку павінны выконваць даведзеныя планавыя паказчыкі. Сёння асабліва важна не спыняцца на дасягнутым, а шукаць новыя формы і метады ў рабоце для прыцягнення больш шырокага кола наведвальнікаў ва ўстановы культуры.
Затым удзельнікі пасяджэння сельвыканкама і жадаючыя ажыццявілі велапрабег па турыстычным маршруце “Сцяжынкамі Драздовіча”. Велатурысты ўзялі старт ад будынка музея ў Германавічах і праехалі па тых вёсках і мясцінах, па якіх калісьці вандраваў знакаміты мастак і фалькларыст Язэп Драздовіч.
Фота Сяргея Райчонка