Новабудоўля ў Валожынках

Сельское хозяйство

121

Амаль у кожным сельгаспрадпрыемстве ў пашавы перыяд утрымання жывёлы вядуцца рамонт, рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў. У ААТ “Княж”, “Ельня-Агра” узводзяць новыя цялятнікі. Аналагічнае збудаванне хутка з’явіцца і ў ААТ “Даватарскі”.

— На малочнатаварнай ферме “Валожынкі” шмат розных будынкаў для утрымання буйной рагатай жывёлы, — кажа майстар будаўніча-мантажных работ сельгаспрадпрыемства Юрый  Жынгель. — Некаторыя з-за працяглай эксплуатацыі не падлягаюць рамонту, а ўтрыманне ў іх жывёлы стала небяспечным. Таму кіраўніцтва гаспадаркі вырашыла два старыя памяшканні ліквідаваць, а на іх месцы ўзвесці новае.

Будаўніцтва наша брыгада, у якой сем чалавек, пачала ў маі. Металічныя слупы скарысталі з былой польскай зернесушылкі, якая была ў Пяліках. Гэта дазволіла нам з’эканоміць грашовыя сродкі. Па рашэнні Віцебскага аблвыканкама на будаўніцтва новых жывёлагадоўчых памяшканняў гаспадаркам выдзяляецца лес на льготных умовах. Мы заключылі дамоўленасць з Пастаўскім лясгасам, які нам адвёў пэўную колькасць лесу на корані. Самі яго нарыхтоўваем, а потым на пілараме ў Сасноўцах робім патрэбныя будматэрыялы. Работнікі ПМК-68 на сваёй тэхніцы капаюць водаадводныя каналы, робяць планіроўку прылеглай тэрыторыі. У памяшканні, якое плануем здаць у эксплуатацыю ў кастрычніку, будзе бязпрывязна ўтрымлівацца 200 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы.

Перад стойлавым перыядам жывёлы нам яшчэ трэба закончыць рамонт даху на ферме ў Станіславове. 900 квадратных метраў даху патрабуе замены на малочнатаварнай ферме ў Жукоўшчыне. Працы хапае, спадзяёмся, што своечасова выканаем даведзены аб’ём работы.

Сяргей РАЙЧОНАК.