У КУВСП імя Маркава працуюць ад світання — да змяркання

Сельское хозяйство

125

У актыўнай фазе у сельгаспрадпрыемствах раёна ідуць цяпер работы па сяўбе азімых зерневых культур. Большасць гаспадарак цалкам завяршыла ўборачную кампанію. У некаторых засталіся лічаныя гектары зерневых і зернебабовых культур, якія праз дзень-два будуць абмалочаны.

Зараз асноўныя сіля хлебаробы Шаркаўшчынскага раёна скіравалі на закладку ўраджаю 2021 года. Старанна і рупліва ідзе пасяўная кампанія ў КУВСП імя Маркава. Нягледзячы на той факт, што гаспадарка не займае ў раёне лідзіруючыя пазіцыі, тут кіраўніцтва, спецыялісты і усе работнікі прыкладаюць максімум намаганняў, каб працаваць на станоўчы вынік.

8 верасня большая частка тэхнікі, якая маецца ў наяўнасці ў гаспадарцы, была задзейнічана на палетках каля вёскі Ружамполле. Узворваннем і культывацыяй глебы на энерганасычаных трактарах “Кіравец” К-744 займаліся Аляксандр Руткоўскі і Святаслаў Відун. Следам за імі сеялі пшаніцу Аляксандр Кірэй на трактары “Беларус” МТЗ-1221 з сеялкай “Лемкен” і Канстанцін Руткоўскі на энерганасычаным трактары “Беларус” МТЗ-3022 з камбінаваным пасяўным агрэгатам АПП-6А.

136

— Сёння плануем завяршыць засяваць 40-гектарнае поле, каб потым пераехаць на наступны ўчастак, — кажа сеяльшчык Аляксандр Кірэй. — Цяпер самыя аптымальныя тэрміны для сяўбы азімых зерневых, таму кожны з нас, хлебаробаў, стараецца рацыянальна скарыстаць па максімуме гэты час для закладкі ўраджаю будучага года. На світанку пачынаем сваю работу і заканчваем яе, калі сонца хаваецца за гарызонт. Аб’ёмы сяўбы азімых культур вельмі вялікія, таму мы не марнуем дарэмна час, а старанна працуем. Тэхніка спыняецца толькі тады, калі пройдзе буйны дождж ці здарацца няспраўнасці у трактары ці сеялцы.

— Сёння я першы дзень працую на сяўбе, — гутарыць з намі механізатар Канстанцін Руткоўскі. — Пасля корманарыхтоўчых работ значнага рамонту патрабаваў трактар, у пасяўным агрэгаце таксама трэба было замяніць значную колькасць запасных частак. Тэхніка ўжо вельмі старая, амаль кожны дзень здараюцца паломкі. А гэта, у сваю чаргу, адмоўна ўплывае на ход пасяўной кампаніі. Тым не менш, стараемся своечасова, у сціслыя тэрміны адрамантаваць, каб зноў рушыць на палеткі і загортваць насенне азімых культур у глебу.

На трактары “Беларус” МТЗ-82 у счэпе з сеялкай СПУ-4Д сяўбой азімага рапсу займаўся механізатар Пётр Мядзюха. Мужчына ўжо не першы год задзейнічаны на гэтай рабоце, таму своечасова і якасна засеяў запланаваныя 250 гектараў гэтай каштоўнай сельскагаспадарчай культурай.

Сёлета ў КУВСП імя Маркава запланавана пасеяць 1705 гектараў азімых зерневых. Па стане на 10 верасня было пасеяна            гектараў, што складае    працэнтаў да задання. Час прыспешвае хлебаробаў, а яны, у сваю чаргу, працуюць і ў выхадныя, і ў святы, каб у наступным годзе мець багаты ўраджай.

Сяргей РАЙЧОНАК.