Не зарасце дарога да храма

Актуальное

998

29 жніўня споўнілася 115 год з моманту стварэння ў вёсцы Варонка стараверскай абшчыны. З гэтай нагоды ў мясцовай царкве Успення Прасвятой Багародзіцы прайшоў урачысты малебен. На свята сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і свяшчэннікі з Ракаўскай абшчыны г. п. Шаркаўшчына, з Міёрскага раёна і г. Полацка.

З гісторыі вядома, што першай пастаяннай групай рускіх людзей у Беларусі з’яўляліся стараабрадцы (стараверы), якія ў сярэдзіне 17 стагоддзя рассяліліся па беларускіх землях. У Расіі ў першай палове 17 стагоддзя адбылася рэформа Рускай праваслаўнай царквы. Яна раскалола грамадства на тых, хто падтрымаў змяненні, і на тых, хто адмовіўся. Апошніх сталі называць стараверамі. Супраць іх улады праводзілі палітыку рэпрэсій, якая прымушала да эміграцыі. Значная частка тых, хто не прыняў царкоўную рэформу, адразу ж накіравалася ў Рэч Паспалітую. Стараабрадцы (сучасная навуковая традыцыя выкарыстоўвае менавіта гэты тэрмін як больш карэктны, чым “стараверы”) заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры — вакол Браслава і Відзаў (Падзвінне) і вакол Веткі (Палессе).

Святочны малебен у гонар 115-годдзя стварэння Варонкаўскай абшчыны стараабрадцаў праводзіў настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы з вёскі Кублішчына Міёрскага раёна Пётр Ермалаевіч Дзяменцьеў. Адначасова ён з’яўляецца кіраўніком Духоўнай камісіі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, айцец Пётр узяў куратарскую работу над выконваючым абавязкі настаяцеля Варонкаўскага храма Фёдарам Еўдакімавым. Свяшчэннік з Міёршчыны пасля літургіі падрабязна расказаў пра гісторыю стварэння абшчыны стараабрадцаў у Варонцы і пра рэлігійныя храмы.

У далёкім 1880 годзе стараабрадцы з вёскі Варонка і акаляючых населеных пунктаў звярнуліся да Віленскага губернатара з прашэннем аб будаўніцтве ў іх мясцовасці храма. На жаль, улады адмовіліся задаволіць просьбу веруючых. Тады мясцовы жыхар Ермалай Харламп’еў выдзеліў адзін са сваіх будынкаў пад царкву. Духоўным настаўнікам абралі Дзмітрыя Каштальяна. Мясцовыя ўлады негатыўна ўспрынялі самавольства варонкаўскіх стараабрадцаў. Праваахоўныя органы з Шаркаўшчыны арыштавалі і вывезлі ўсю царкоўную маёмасць, а сам будынак закрылі.

Такія негатыўныя адносіны з боку ўлад надалі больш сілы мясцовым веруючым у справе захавання і распаўсюджвання сваёй рэлігіі. Пасля шматлікіх прашэнняў праз некаторы час уся царкоўная маёмасць была вернута назад. Так як падыходзячага памяшкання пад малітоўны дом у вёсцы не было, аднагалосна вырашылі пераабсталяваць адзін з такоў, дзе раней вяскоўцы малацілі калоссе зерневых, сушылі лён.

А ў 1905 годзе стараабрадцы атрымалі афіцыйны дазвол ад улад на будаўніцтва царквы. Сабраўшы пэўную грашовую суму, яны купілі ў лесе два зрубы. З аднаго планавалі пабудаваць царкву, а з другога — жылы дом для свяшчэнніка. У той жа час паміж вернікамі ўзнікла спрэчка. Жыхары вёскі Марціняты жадалі, каб будучы храм быў пабудаваны ў іх населеным пункце, а стараабрадцы з Варонкі хацелі ўзвесці царкву ў сябе. У выніку царва была пабудавана ў Марцінятах. Але не доўга храм праіснаваў у тых мясцінах. На жаль, у ім адбылося ўзгаранне і царква цалкам была знішчана ў полымі.

Так як царква была застрахавана, прыхаджане атрымалі 800 рублёў страхоўкі. Сума па тых часах была даволі значнай. Менавіта дзякуючы гэтым грашовым сродкам, стараабрадцы закупілі будаўнічыя матэрыялы, а на выдзеленым зямельным надзеле каля варонкаўскіх могілак пачалося ўзвядзенне новага храма, будаўніцтва якога было завершага ў 1924 годзе. 12 мая наступнага года адбылося ўрачыстае асвячэнне царквы, на якое сабралася вялікае мноства вернікаў, прыбылі сем духоўных настаўнікаў з акаляючых абшчын. Узначаліў храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў Варонцы айцец Марозаў. На жаль, імя гэтага духоўнага настаўніка ў дакументальных крыніцах не захавалася.

Дарэчы, у той час царква мела значны юрыдычны статус. Менавіта ў храмах вялі рэгістрацыю народжаных дзетак, заключэнне шлюбаў паміж людзьмі, улік нябожчыкаў і іншыя юрыдычныя запісы.

Галаўшчык (запявала) царквы Манефа Еўдакімава падкрэсліла той факт, што храм у Варонцы з моманту свайго існавання ніколі не зачыняўся. На працягу 95 гадоў у ім заўсёды паводзіліся службы, набажэнствы праходзяць і цяпер. Манефа Мацвееўна з болем у сэрцы ўспрымае той факт, што прыхаджан засталося вельмі мала, у асноўным, гэта людзі сталага ўзросту.

З нядаўняга часу абавязкі настаяцеля царквы тут выконвае Фёдар Еўдакімаў. Ужо ў сталым ўзросце мужчына цвёрда для сябе вырашыў, што трэба рабіць захады на захаванне храма не толькі як рэлігійнага аб’екта, унесенага ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны, але і як святога месца, дзе кожны веруючы можа памаліцца Усявышняму і папрасіць заступніцтва ў Бога. Таму нядаўна тут быў праведзены рамонт унутраных памяшканняў, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. Пра гэта разам з іншымі вернікамі клапоціцца старшыня царкоўнага савета Яўгенія Авімаўна Лонская.

На святкаванне 115-годдзя стварэння абшчыны стараабрадцаў завіталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома, якая зачытала Прывітальны адрас ад імя кіраўніка Шаркаўшчынскага раёна Дзмітрыя Ламака і ўручыла памятны сувенір. Словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў святарам і прыхаджанам царквы выказалі таксама старшыня Іёдскага сельсавета Жанна Палягошка і вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Гернат.

— Сёння вельмі важна для кожнага чалавека не забываць дарогу да храма, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся айцец Пётр Дзяменцьеў. — Толькі вера можа нас абараніць ад гора і бед, засцерагчы ад жыццёвых нястач. Менавіта вера робіць кожнага з нас духоўна моцнымі і непахіснымі перад жыццёвымі перашкодамі. А дапамагае ва ўсім гэтым Усявышні, дзякуючы якому існуе жыццё на нашай Зямлі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

039