26 кастрычніка ў РДК прайшоў Дзень прызыўніка

Актуальное

хутка яны стануць ваеннаслужачымі

26 кастрычніка ў РДК прайшло традыцыйнае ўрачыстае мерапрыемства Дзень прызыўніка, якое запрашае маладых людзей, якія прызываюцца ў войска, іх бацькоў, родных, сяброў. Каб узняць хлопцам настрой у гэты важны ў іх лёсе дзень, культработнікі, самадзейныя артысты падрыхтавалі для іх нямала яскравых нумароў, добрых песень.
Выступаючы перад прызыўнікамі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома зазначыла, што ў беларускай арміі створаны ўсе ўмовы для службы, дзяржава турбуецца пра сваіх абаронцаў. На іх плечы будзе ўскладзены адказны абавязак — абарона Радзімы. А гэта значыць бацькоў і родных, любімых людзей — самага святога, што ёсць у іх жыцці.  Будучым абаронцам яна пажадала мірнай службы, вернага армейскага сяброўства, справядлівых камандзіраў, а іх бацькам не хвалявацца і быць упэўненымі, што іх дзеці адслужаць дастойна.
Ад імя бацькоў з пажаданнем перад службай выступіла маці аднаго з прызыўнікоў Марына Станіславаўна Лонская.
— Хачу павіншаваць вас з новым этапам у жыцці, вы становіцеся дарослымі. Вось учора праглядала фотаальбом з дзіцячымі фатаграфіямі сына. Нахлынулі ўспаміны, якім мой сын быў у дзіцячым садзе, школе… І раптоўна зразумела, які ён у мяне ўжо дарослы. На вачах з’явіліся слёзы. Паверце, хоць мы, маці, хвалюемся за вас, плачам мы не ад трывогі. Гэта слёзы гонару, што вырасцілі мы сапраўдных мужыкоў. Хочацца пажадаць вам усім мужнасці, вытрымкі ў пераадоленні вайсковых выпрабаванняў. Складзіце ўсе цёплыя словы, якія пачуеце ў гэтыя дні ад родных, сяброў у куток свайго сэрца, і няхай яны саграваюць вас у няпростыя моманты армейскага жыцця.

Марына Лонская з сынам-прызыўніком

Перад тым, як уручыць прызыўнікам павесткі, раённы ваенны камісар Андрэй Вітольдавіч Дубовік звярнуўся да іх з наступнымі словамі.
— На дадзены момант ва Узброенных Сілах Беларусі праходзяць службу 78 чалавек. А 36 маладых людзей звольнілася ў ліпені-жніўні, з іх 13 прыйшлі дадому ў званні сяржанта, а 5 у званні старшыні. Увогуле, пра шаркаўчан не даводзілася чуць дрэнных водгукаў. Усе служаць добра, ніякіх прэтэнзій няма. Прадстаўнікі воінсках часцей заўсёды ахвотна бяруць нашых хлопцаў, бо ведаюць, што атрымаюць у іх асобе надзейны рэсурс, які не падвядзе. Канечне, што казаць, вам у арміі будзе няпроста. Але трэба мужна прайсці гэты этап, каб потым можна было сказаць — я там быў, я ведаю, я змог.

урачысты момант уручэння павесткі

Гэтай восенню адпраўляюцца служыць 29 шаркаўчан. Па традыцыі службу яны будуць праходзіць у элітных часцях, у асноўным у Віцебскай вобласці. 5 чалавек у 103-асобнай гвардзейскай брыгадзе ў Віцебску, 9 чалавек у 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе ў Заслонаве, 5 чалавек у пагранічным атрадзе органаў пагранічнай службы (Смаргонь), 6 чалавек у 9-м асобым міліцэйскім батальёне унутраных войск МУС (Полацк) і ў іншых. 3 чалавекі прызваны на рэзервную службу. Першая партыя прызыўнікоў адправіцца 15 лістапада, апошняя 28 лістапада.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *