Працаўнікі сяла: вадзіцель ААТ «Агратэхсэрвіс» Канстанцін Вязіцкі

Актуальное

Калі пісаць пра аўтамабілістаў, то пра каго, як не пра вадзіцеля ААТ «Агратэхсэрвіс» Канстанціна Мікалаевіча Вязіцкага. Як вярнуўся ён у 1975 годзе з арміі ў родную гаспадарку, як сеў за руль, так і цяпер калясіць па раённых дарогах. 37 гадоў вадзіцельскага стажу налічваецца. Дарэчы, прафесію і першую машыну малады тады хлопец атрымаў у спадчыну ад бацькі Мікалая Міхайлавіча. І цяпер добра памятаецца бацькоўская парада: быць за рулём максімальна ўважлівым і акуратным, бо дарога жартаў не даруе. Магчыма, таму за ўсе гэтыя 37 гадоў Канстанцін Мікалаевіч не трапляў у аварыі, хаця сур’ёзныя аварыйныя сітуацыі былі. Вядома, яны запамінаюцца на ўсё жыццё.
— Адзін раз я зімой вяртаўся з Ленінграда, — прыгадвае Канстанцін Мікалаевіч. — Размінуўся з «Камазам», і з-за снежнай замеці, якая ўтваралася следам за ім, раптоўна насустрач выскачыў аўтамабіль. Цудам паспеў пазбегнуць сутыкнення, рэзка павярнуў, машыну кінула на ўзбочыну ў снег. Пасажыры, якія ехалі са мною, гаварыць пачалі толькі праз кіламетраў 5. А ў яшчэ адным выпадку перада мною на дарозе пачаў тармазіць «Камаз» і яго прычэп занясло папярок дарогі, удалося зрэагаваць і звярнуць на ўзбочыну. Пасля такіх выпадкаў, калі трапляеш у небяспеку і ўсё рашаецца долямі секунд, застаецца толькі дзякаваць Богу.
Шмат дзе давялося паездзіць вадзіцелю па справах гаспадаркі (забіраў тэхніку, удабрэнні): бываў ён ва Украіне, у Расіі, Прыбалтыцы. На якіх толькі транспартных сродках не ездзіў Канстанцін Мікалаевіч: на легкавых, на грузавіках, нават на аўтобусе. Цяпер ужо 10 гадоў за ім замацаваны ГАЗ-3507, на якім ён задзейнічаны на розных сельгасработах. Напрыклад, падчас пасяўных кампаній загружае сеялку, падчас уборачнай заняты на адвозцы зерня. Дарэчы, сёлета перавёз 609 тон зерня, неаднаразова быў сярод лідараў у раённым спаборніцтве. Таксама на УАЗ-31512 возіць начальніка аддзялення «Вялікае Сяло». А цяпер, гаворыць, узяўся давесці да ладу яшчэ адну машыну — ЗІЛ. Як сапраўдны прафесіянал, ён умее не толькі ездзіць на аўтамабілях, а і праводзіць усе неабходныя работы па іх рамонце.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *