Чалавек не ў стане ў адзін момант зразумець усіх аспектаў вялікага багацця, якое прыпадае на людское жыццё. Асабліва успамінаецца дзень нараджэння, хросту, гадавіна шлюбу, а таксама гадавіна смерці кагосьці з блізкіх. У лістападзе, у апошні восеньскі месяц, каталікі перажываюць дні памяці і малітвы за памерлых — дзень спаткання з веліччу смерці і ўспаміну тых, што адышлі з гэтага свету.
Для хрысціяніна жыццё пасля смерці не заканчваецца, толькі змяняецца, сувязь з памерлымі не разрываецца, а наадварот узмацняецца. Для людскіх вачэй родныя людзі знікаюць і застаецца толькі труна. Для веруючага сэрца памерлы, якога любяць, назаўсёды застаецца вельмі блізкі…
“Тыя людзі, што паміраюць у ласцы і сяброўстве з Богам, але яшчэ не ачышчаныя ў поўні, хоць ужо і ўпэўненыя ў сваім збаўленні, пасля смерці праходзяць ачышчэнне, каб атрымаць святасць, неабходную для ўвахода ў неба”, — так вучыць Катэхізм Каталіцкага Касцёла. Неба — месца прабывання Бога і Святых, а таму, як гаворыць Святое Пісанне, “нішто нячыстае ў Яго не ўвойдзе”(Ап 21, 12). Душы ў чыстцы ўжо не могуць выпрасіць для сябе Божай Міласэрнасці, бо гэта магчыма ўчыніць толькі на зямлі. Таму яны з надзеяй чакаюць дапамогі ад нас. Нашыя малітвы і ўчынкі міласэрнасці могуць дзейсна дапамагаць і нам, і душам нашых памерлых.
Шмат хрысціян сведчаць пра адчувальную дапамогу блізкіх, якія перайшлі парог смерці. Ім давяраюць свае цяжкія справы, моляцца аб іх збаўленні і просяць праз іх заступніцтва аб дапамозе. Збаўленыя душы ў небе не жывуць для сябе, але для іншых і могуць нам дапамагаць. Гэта праўда ўмацоўвае нашую веру ў вечнае жыццё.
На працягу лістапада молімся за душы памерлых, якія церпяць у чыстцы, а таксама дзякуем за тое, што, дасягнуўшы святасці, яны заступаюцца перад Тронам Бога за нас. Гэта таямніца. Яна стане вядомай толькі ў вечнасці, хоць і на зямлі можна заўважыць іх дзейнасць і дапамогу.
У гэтым годзе ў касцёле ў Мосары адбудзецца Навэнна за памерлых. На працягу 9-ці дзён з 1 па 9 лістапада штодня еўхарыстычная ахвяра будзе складацца за ўсіх памерлых з Экзэфіяй і працэсіяй, паводле старадаўняга звычаю. Асабліва будзем маліцца аб узнагародзе вечнага жыцця ў шчасці:
1 лістапада — за памерлых ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка і ксяндза пралата Юозаса Бульку, за памерлых святароў, манахаў і манашак (13:00);
2 лістапада — за памерлых блізкіх, родных і сваякоў (13:00);
3 лістапада — за памерлых мужоў і жонак (17:00);
4 лістапада — за памерлых дзяцей (13:00);
5 лістапада — за памерлых бацькоў (17:00);
6 лістапада — за памерлых братоў і сясцёр (17:00);
7 лістапада — за памерлых бабуляў і дзядуляў (17:00);
8 лістапада — за памерлых ад насілля, за ахвяры войнаў і за загінуўшых у катастрофах (17:00);
9 лістапада — за дабрадзеяў (17:00).
4 лістапада ў нядзелю ў 13 гадзін у Мосарскім касцёле адбудзецца святая Літургія з працэсіяй на могілкі, малітва за памерлых і асвячэнне магіл.
Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых. У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст — поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (гэта значыць, прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі.
І менавіта тое, што мы можам даць памерлым, — гэта наша малітва, якая з’яўляецца ўдзячнасцю за любоў блізкіх і за ўсё добрае, што яны зрабілі тут, на зямлі, і дазваляе нам трываць у духоўнай сувязі з імі. Тады і матэрыяльныя знакі памяці: помнікі, кветкі, знічы становяцца выразам нашай малітвы. Актава ўспаміну ўсіх памерлых — асаблівы час для кожнага хрысціяніна. У гэтыя дні ўвесь Касцёл у адзін голас моліцца за памерлых, заклікаючы да Божай міласэрнасці.
Ксёндз Аляксей ЮРКАЙЦЬ,
адміністратар парафіі Мосар
