З надыходам навучальнага года пачалі актыўна праводзіцца заняткі і ў Шаркаўшчынскай дзіцячай юнацкай спартыўнай школе. У верасні юныя шаркаўшчынскія спартсмены прынялі ўдзел у трох выязных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Пра іх вынікі нам расказаў дырэктар школы Аляксей Курачонак.
—17-18 верасня ў Віцебску прайшло першынство вобласці сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Гэта былі спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі 22 каманды з юнакоў і дзяўчат 2006-2007 гадоў нараджэння і маладзей, у тым ліку і наша ў складзе 11 спартсменаў. Назаву тых, каму ўдалося заняць прызавыя месцы. Кірыл Абрамчык стаў трэцім у спартыўнай хадзьбе на 3 км, Паліна Цярэшка паказала аналагічны вынік на гэтай дыстанцыі сярод дзяўчат, а таксама заняла другое месца ў кіданні кап’я. Трэцяй у гэтай дысцыпліне была Аліна Дзіль. Эльвіра Дрэйманіс паказала трэці вынік у спартыўнай хадзьбе на 2 км. Хочацца сказаць некалькі словаў пра выступленне Мацвея Клімзы. Мацвей у кваліфікацыі прабяжаў дыстанцыю 60 м першым, паказаўшы выдатны рэзультат — 7,6 секунды. Ён меў добрыя шанцы на перамогу ў фінальным забегу, але, на жаль, падвялі нервы, на старце ў яго быў зафіксіраваны фальстарт. У спорце бывае ўсялякае, і я ўпэўнены, што ў будучым Мацвей яшчэ дасягне сваёй перамогі.
24 верасня на адкрытым першынстве Полацкай ДЮСШ з 13 нашых спартсменаў 2005-2006, 2007 гадоў нараджэння і маладзей поспеху дасягнула вучаніца трэнера Пятра Рубніковіча Дзіяна Бучынская, якая заваявала перамогу на дыстанцыі 2 км па спартыўнай хадзьбе.
30 верасня наша каманда ў складзе 16 спартсменаў прыняла ўдзел у адкрытым першынстве Глыбоцкай ДЮСШ, дзе спаборнічалі хлопцы і дзяўчаты 2007 года нараджэння і маладзей. Сярод поспехаў адзначу трэція месцы Крысціны Краўчанкі ў бегу на дыстанцыі 600 м, Лізаветы Ласоўскай у бегу на 300 м, Мікіты Кагалеўскага на аналагічнай дыстанцыі сярод хлопцаў, Арцёма Буцько ў бегу на 600 м.
Вельмі радуе, што вялікая колькасць нашых выхаванцаў пасля працяглага перапынку, звязанага з летнімі канікуламі і папярэднім каранцінам, прыняла удзел у спаборніцтвах. Бо ў такіх выступленнях і заключаецца ўвесь сэнс нашых трэніровак, яны і робяць спорт цікавым для дзяцей. Хоць не ўсім удалося максімальна прадэманстраваць свае магчымасці на спаборніцтвах, але яны несумненна сталі карысным вопытам, які прыгадзіцца ў будучым. Хачу адзначыць, што падчас спаборніцтваў 11 нашых спартсменаў павысілі спартыўныя разрады.
Андрэй БУРЭЦ.