У ім прынялі ўдзел члены райкама, старшыні прафсаюзных камітэтаў арганізацый сельскагаспадарчага накірунку, а таксама галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Сяргеевіч Лабко.
З дакладам “Аб рабоце Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу па абароне сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў АПК” выступіў старшыня райкама прафсаюза Гедзіён Пятровіч Буйка. У час свайго выступлення ён адзначыў, што асноўная задача прафсаюза — прадстаўляць і абараняць інтарэсы працаўнікоў калектыву, клапаціцца пра тое, каб іх правы былі захаваны, а ў выпадку парушэнняў — рэагаваць на ўсе заявы і скаргі, аператыўна выпраўляць сітуацыю, аказваць людзям юрыдычную і іншую неабходную дапамогу.
На сённяшні дзень практычна ўсе прафсаюзныя арганізацыі прымаюць непасрэдны ўдзел у абмеркаванні і распрацоўцы умоў аплаты працы, мер матэрыяльнага і маральнага заахвочвання. У большасці выпадкаў прафсаюзныя камітэты і наймальнікі прыходзяць да згоды і ўключаюць у калектыўныя дагаворы дадатковыя льготы і гарантыі работнікам, у ліку якіх арганізацыя бясплатнага (або з частковай аплатай) харчавання механізатараў і іншых працаўнікоў у перыяд правядзення масавых сельгасработ, прадастаўленне паслуг па сабекошту або па зніжаных цэнах на такія віды дзейнасці, як апрацоўка прысядзібных участкаў, прадастаўленне транспарта для дастаўкі сена, выдзяленне пашы, сенажацяў, аказанне дапамогі ў арганізацыі пахаванняў. На належным узроўні гэта работа арганізавана ў ААТ “Даватарскі”, “Жвіранка”, “Ельня”, КУВСП “Гарадзец” і на прадпрыемстве меліяратыўных сістэм.
У кожнай гаспадарцы заключаны і дзейнічаюць калектыўныя дагаворы. Большасць з іх прадугледжваюць выдзяленне сродкаў на ўшаноўванне юбіляраў, перадавікоў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, на аздараўленне дзяцей у час летніх канікул.
У 2011 годзе з мэтай аздараўлення дзяцей у летні перыяд райкамам прафсаюза было рэалізавана 65 пуцёвак і выдзелена з бюджэту прафкамаў звыш 5 мільёнаў рублёў. У бягучым годзе — 38 пуцёвак і грашовая сума ў памеры 7 мільёнаў 300 тысяч рублёў. У першую чаргу ўвага была звернута на дзяцей з малазабяспечаных і нядобранадзейных сем’яў.
Вопытам работы сваіх прафсаюзных арганізацый у час правядзення Пленума дзяліліся старшыні прафкамаў з ААТ “Буеўшчына”, “Васюкі”, “Жвіранка”, ПМК-68, а гэта Аляксандр Іосіфавіч Гернат, Алег Мечыслававіч Перхуровіч, Наталля Раманаўна Марціновіч і Алена Георгіеўна Выжыкоўская.
Галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Сяргеевіч Лабко звярнуў увагу прысутных на няўхільнае выкананне пунктаў калектыўных дагавораў, звязаных з аховай працы, а таксама стварэнне належных умоў работы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ