Таленавіты настаўнік, мудры чалавек — Алена Аркадзьеўна Мядзелец

Актуальное

48“Калі настаўнік аб’ядноўвае ў сабе любоў да справы і да вучняў, ён з’яўляецца сапраўдным педагогам”.
Л. М. Талстой.
Кожны з нас з цеплынёй і павагай успамінае сваіх школьных настаўнікаў, усё ведаючых, парой строгіх, але заўсёды добрых душой, якія гатовы ў любую хвіліну дапамагчы, выслухаць і зразумець. Школьны настаўнік стварае са сваіх вучняў дастойных грамадзян краіны. У кожным ён імкнецца адшукаць здольнасці і ўменні, каб потым іх развіць. Усе дзеці надзелены сваімі часам нябачнымі талентамі. Вось толькі не ўсім шанцуе сустрэць такога педагога, які прывядзе іх да поспеху і самарэалізацыі. Да ліку такіх настаўнікаў можна аднесці Алену Аркадзьеўну Мядзелец — ветэрана педагагічнай працы, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, якая пражывае ў аграгарадку Іёды.
— Мне пашанцавала, што ў жыцці былі настаўнікі, якія сфарміравалі мае адносіны да школьных прадметаў і тым самым аказалі значны ўплыў на выбар будучай прафесіі, — кажа Алена Аркадзьеўна. — Гэта Таццяна Ільінішна Крапошына, Мая Васільеўна Гінько, Тамара Рыгораўна Ігнацікава. Менавіта на іх нам у дзяцінстве хацелася быць падобнымі. Пасля заканчэння Шаркаўшчынскай школы я паступіла ў Віцебскі педінстытут. Атрымаўшы дыплом і спецыяльнасць настаўніка матэматыкі ў 1971 годзе, трапіла на сваё першае працоўнае месца ў Васюкоўскую базавую школу. Тут жа пазнаёмілася са сваім будучым мужам Вадзімам, які працаваў аграномам у калгасе “Шлях Леніна”.
Калі ў 1973 годзе Вадзіма Андрэевіча перавялі на пасаду старшыні калгаса “1-е Мая”, маладая сям’я пераехала жыць у Іёды — на малую радзіму Алены Аркадзьеўны. Тут, у мясцовай школе, яна стала выкладаць матэматыку.
— Я вельмі ўдзячна педагогам, якія ў свой час нас, маладых настаўнікаў, падтрымлівалі, — працягвае мая суразмоўца. — Слоў павагі заслугоўваюць Леакадзія Сяргееўна Лабуць, Сяргей Іванавіч Туркоў, Васілій Паўлавіч Махлаеў і многія іншыя. З працай у Іёдскай сярэдняй школе звязана амаль уся мая педагагічная дзейнасць, у гэтай навучальнай установе я адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак.
У Алены Аркадзьеўны было 5 выпускаў класнага кіраўніцтва. Сярод яе вучняў — прадстаўнікі самых розных прафесій: урачы, настаўнікі, інжынеры, юрысты. Некаторыя з іх цяпер працуюць настаўнікамі ў Іёдскай ДС—СШ, як, напрыклад, Таццяна Вітальеўна Цярэнцьева.
— З цеплынёй успамінаю гады вучобы ў нашай школе, — кажа Таццяна Вітальеўна. — Алена Аркадзьеўна выкладала ў нас матэматыку з 5 па 11 класы. Мы вельмі паважалі гэтага чалавека, заўсёды прыслухоўваліся да слоў педагога, стараліся добра вучыцца і прыкладна сябе паводзіць. Алена Аркадзьеўна аказала значны ўплыў на выбар маёй прафесіі. У многім дзякуючы ёй я сама стала настаўніцай.
Шмат год працавалі разам з Аленай Аркадзьеўнай дырэктар школы Раіса Пятроўна Лагунёнак, настаўнікі Ала Антонаўна Даргель, Іна Мікалаеўна Фядотава, іншыя педагогі. Падчас гутаркі яны ўспаміналі тыя часы, калі толькі пачыналі рабіць свае першыя крокі на педагагічнай ніве. І першым памочнікам, дарадцай для маладых педагогаў была Алена Аркадзьеўна Мядзелец.
Нядаўна Алена Аркадзьеўна адзначыла юбілейны дзень нараджэння. У госці да імянінніцы з падарункамі і віншаваннямі завіталі родныя, сябры і знаёмыя, былыя калегі і вучні. Мы таксама далучаемся да віншаванняў. Зычым Алене Аркадзьеўне доўгіх і шчаслівых год жыцця, людской любові і павагі, сямейнага дабрабыту і зямнога шчасця!
Сяргей РАЙЧОНАК.