Аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць” дорыць песні і музыку вяскоўцам

Культура

557
жыхары вёскі Мельніца і самадзейныя артысты

Не вельмі шмат людзей у цяперашні час засталося жыць у аддаленых вёсках. На жаль, адны адыходзяць у вечнасць, хтосьці пераязджае жыць у сталым узросце да дзяцей у больш буйныя населеныя пункты, некаторыя па-ранейшаму застаюцца на сваёй малой радзіме.
Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць”, якім кіруе Галіна Пятроўна Сафончык, ладзяць паездкі, канцэртныя праграмы для жыхароў буйных і маланаселеных вёсак. Свой чарговы выезд у кастрычніку яны ажыццявілі па вёсках Станіславоўскага сельскага Савета. Самадзейныя артысты пабывалі ў Грыблах, Зямцах і Мельніцы. Разам з імі былі і ўдзельнікі дзіцячых гурткоў мастацкай самадзейнасці Жукоўшчынскага сельскага клуба. У Грыблах на дадзены момант пражывае толькі адзін чалавек — Дзмітрый Уладзіміравіч Андрэйчык. Хоць яму ўжо 87 гадоў, мужчына адчувае сябе бадзёра. Ён, акрамя хатніх клопатаў, займаецца цяслярнымі справамі, ходзіць у лес па грыбы і ягады, кіруе ўласным легкавым аўтамабілем, а яшчэ — цудоўна танцуе. Разам з артыстамі ён выдатна спяваў, танцаваў вальс.
Прыезд артыстаў стаў прыемнай падзеяй для жыхароў вёскі Зямцы. Яны разам спявалі песні, танцавалі. Пажылыя людзі ўспомнілі часы сваёй маладосці. Чакалі артыстаў і ў вёсцы Мельніца, жыхары якой сабраліся на падворку Ліліі Касарэўскай. Амаль цэлую гадзіну ішла канцэртная праграма. Вяскоўцы гучна пляскалі ў далоні ў знак удзячнасці артыстам, нават самі пускаліся ў скокі.
Надзея Кіраенка, якая працуе загадчыцай Жукоўшчынскага сельскага клуба, заўсёды арганізуе канцэртныя праграмы не толькі ва ўстанове культуры, але і ў навакольных вёсках. Разам з Галінай Сафончык і самадзейнымі артыстамі яна падарыла цудоўны канцэрт для вяскоўцаў, за што кожны з іх вельмі ўдзячны работнікам культуры.
Сяргей РАЙЧОНАК.