У раённым цэнтры рамёстваў прайшло цікавае мерапрыемства «Паясы — не толькі для красы»

Актуальное Культура Молодежь

IMG_3790 (Копировать)22 кастрычніка ў раённым цэнтры рамёстваў у рамках выставы “Паясы — не толькі для красы” прайшоў майстар-клас па пляценні беларускіх традыцыйных паясоў.
У пачатку мерапрыемства яго вядучая Алёна Сухаверская зачытала верш “Слуцкія ткачыхі” класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
Пасля гэтага Алёна Валер’еўна расказала аб традыцыі вырабу паясоў на тэрыторыі Беларусі і прадэманстравала створаныя рукамі шаркаўшчынскіх майстроў паясы, плеценыя ў розных тэхніках на квадратных дошчачках. Адноўленыя ўзоры на паясах здзіўлялі сваёй разнастайнасцю і ў той жа час прастатой выканання. Гледачы таксама даведаліся, што славутыя слуцкія паясы — адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі. Паясы былі надзвычай прыгожым, сімвалічным і каштоўным прадметам мужчынскага касцюма, даступным толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў. Слуцкія паясы ткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII стагоддзі. З імі звязаны дзіўныя падзеі і сямейныя таямніцы, загадкавыя і часам містычныя гісторыі.
Сёння старадаўнія слуцкія паясы — рарытэт. У Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты, а большая частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету. Тым не менш, у нашай краіне адроджаны ўнікальныя традыцыі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі, якія могуць стаць эксклюзіўным сувенірам з Беларусі.
На выставе прысутнічала многа дзяцей, якім цікава было пачуць адказы на пытанні: “Чаму паясы называліся слуцкія?”, “Дзе іх яшчэ выраблялі?”, “Якую інфармацыю яны няслі і чым адрозніваліся?” і іншыя. Пытанняў было вельмі шмат, на ўсе іх адказала вядучая.
Прыемна адзначыць, што і ў нашым рэгіёне адраджаецца гэта справа. Аднаўляюць яе майстрыцы Ганна Рымдзёнак і Наталля Яфімава. Першая працуе ў Германавіцкім доме ганчара. Ткацтву навучылася ў мясцовай майстрыцы Алёны Бондар. Цяпер не толькі сама з вялікім задавальненнем займаецца гэтым рамяством, але і вучыць ткаць дзяцей. З’яўляецца пастаяннай удзельніцай абласных, рэспубліканскіх і раённых свят.
Наталля Яфімава пачынала сваю дзейнасць з вырабу габеленаў, цяпер яшчэ займаецца вяжа шыдэлкам. Ткацтвам на бёрдах (прылада працы для ручнога ткацтва) займаецца нядаўна, але справа яе захапляе.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі самі паўдзельнічаць у стварэнні традыцыйнага пояса. Майстар-клас падарыў зарад станоўчых эмоцый дзецям і дарослым, заахвоціў іх да творчасці.
Праходзяць гады, мяняюцца густы, на змену чалавечым рукам прыйшлі машыны, але пакуль у чалавеку будзе жыць пачуццё прыгожага, будзе жыць і народная творчасць.
Алена АНАНІЧ.

IMG_3748 (Копировать) IMG_3751 (Копировать) IMG_3756 (Копировать) IMG_3761 (Копировать) IMG_3768 (Копировать) IMG_3773 (Копировать) IMG_3782 (Копировать) IMG_3784 (Копировать)