40-кватэрны дом будзе здадзены у канцы месяца

Актуальное Общество

855

На старонках раённай газеты мы неаднаразова паведамлялі чытачам пра пачатак і ход будаўніцтва пяціпавярховага дома па завулку Даватара ў гарадскім пасёлку. На цяперашні момант яго ўзвядзенне знаходзіцца ў завяршальнай стадыі. Вось, што нам расказаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Казлоўскі:

— Генеральным падрадчыкам на будаўніцтве 40-кватэрнага жылога дома з’яўляецца перасоўная механізаваная калона № 48 з горада Глыбокае. На суббпадрадзе задзейнічана Шаркаўшчынская ПМК № 68, будаўнічыя арганізацыі з Полацка, Віцебска. Заказчык — упраўленне капітальнага будаўніцтва Пастаўскага раёна. Кожны дзень на аб’екце працуюць каля 50-60 чалавек. Працоўны дзень у іх падоўжаны — з 8 гадзін раніцы і да 20 гадзін вечара. Работа вядзецца без выхадных.

Корпус цалкам зманціраваны, устаўлены аконныя блокі. Ідзе ўстаноўка міжкватэрных і міжпакаёвых дзвярэй, аддзелка. Сантэхнічныя работы выкананы цалкам, уведзены электрычныя кабялі, газа- і водаправод. У кожнай кватэры ўсталяваны электраводанагравальнікі на 80 літраў кожны. Такім чынам, гарачае водазабеспячэнне тут будзе пастаяннае. Звонку праводзяць афарбоўку сцен дома. На гэтым тыдні было запушчана ацяпленне, работнікі прыступілі да паклейкі пакояў шпалерамі. Добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі займаецца ДБУ-26. Каля дома будуць размешчаны дзіцячая пляцоўка, месца адпачынку для дарослых людзей, а таксама парковачная пляцоўка на 40 аўтамабіляў. Здача пяціпавярховага дома запланавана на канец лістапада, пасля чаго прыёмкай аб’екта зоймецца спецыяльная камісія. Такім чынам, ужо сёлета новы дом заселяць першыя яго жыхары.

Сяргей РАЙЧОНАК.