Наш знакаміты зямляк Міхась Машара. Да 110-годдзя з дня нараджэння пісьменніка
Міхась (Міхаіл Антонавіч) Машара нарадзіўся 5 (18) лістапада 1902 года ў былым засценку Падсосна (з 1957 года гэтага хутара не існуе) Шаркаўшчынскага раёна ў сялянскай сям’і, якая потым пераехала ў вёску Таболы. Скончыўшы Шкунцікаўскую народную школу (1914 г.) працаваў пісарчуком. Потым вучыўся ў вышэйшай пачатковай, а пасля рэвалюцыі — адзінай працоўнай школе 2-й ступені ў Глыбокім (магчыма таму глыбачане лічаць Міхася Машару сваім земляком) з 1915 па 1918 гады. У 1918 годзе працаваў справаводам Германавіцкага валвыканкама. У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі быў арыштаваны, але адпушчаны як малалетак. Вясной 1920 года Міхаіл Антонавіч добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях. 11 месяцаў адбыў у лагеры ў Саксоніі. Затым 8 месяцаў правёў у прафілактычным лагеры ў Польшчы, а потым вярнуўся ў Таболы. У 1923—25 гадах служыў у польскай арміі. Пасля дэмабілізацыі прыняў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху. У Вільні рэдагаваў прагрэсіўную газету “Наша воля”. У 1928 годзе быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме Лукішкі, дзе прасядзеў больш за чатыры гады. Пасля астрогу зноў вярнуўся ў Таболы і жыў выпадковымі заробкамі. Быў лесарубам, плытагонам, капаў канавы, рамантаваў дарогі, батрачыў.
Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года М. Машара кіраваў аддзелам народнай адукацыі ў Шаркаўшчынскім раёне.
У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Партызанскае слова”, на радыё.
Пасля вайны М. А. Машара жыў у Мінску, працаваў у часопісе “Полымя”, “Настаўніцкай газеце”.
Першыя вершы паэт напісаў яшчэ ў час вучобы ў Глыбоцкай школе, але стала заняўся паэтычнай творчасцю толькі ў канцы 20-х гадоў. Першы паэтычны зборнік “Малюнкі” пабачыў свет у 1928 годзе. Потым былі выдадзены зборнікі “На сонечны бераг!”, “Напрадвесні”, паэмы “Вяселле”, “Смерць Кастуся Каліноўскага”, “Мамчына горка”, п’есы “Вось тут і зразумей”, “Лёгкі хлеб”, “Чорт з падпечча”. Зборнік “Беларусь” адносіцца да ліку лепшых творчых дасягненняў паэта.
Зборнікі пасляваенных гадоў — “Урачыстасць”, “Ад родных аселіц”, кніга выбранай лірыкі “Мая азёрная краіна”. Пісаў творы для дзяцей, выдаў казкі ў вершах “Зязюльчыны слёзы”, “Зелянушка і Кракатушка”.
З-пад пяра пісьменніка выйшлі празаічныя творы. Трылогію аб вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі склалі раманы “Крэсы змагаюцца”, “Сонца за кратамі”, “Лукішкі”, а таксама “Ішоў дваццаты год”, “І прыйдзе час…”.
І. А. Машара пераклаў на беларускую мову творы П. Бажова, М. Гогаля, Г. Сянкевіча і іншых.
Многія з яго лірычных вершаў паклалі на музыку М. Аладаў, Д. Лукас, Ю. Семяняка, А.Туранкоў і іншыя кампазітары.
Барэльеф М. Машары ў 1934 годзе зрабіў Язэп Драздовіч.У 1976 годзе М. А. Машара памёр і пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.
Трэба сказаць, што родны брат Міхася Машары Мілецій Антонавіч жыў у Шаркаўшчыне. Ён быў частым госцем у сярэдніх школах раёна. Пашчасціла і нам, удзельнікам народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” аднойчы сустрэцца ў Шаркаўшчынскай школе № 1 з братам знакамітага земляка і паслухаць яго ўспаміны. Працягвае род Машараў дачка Мілеція Антонавіча Зоя Мілецьеўна, якая жыве ў Іёдах. Яна часты госць у мясцовай бібліятэцы і школе.
Адметна тое, што Міхась Машара быў вялікім вандроўнікам нашага краю. Яго Шаркаўшчынская “кругасветка” занатавана прыгожымі радкамі. А пра вандроўную торбу можна даведацца, калі адкрыць кнігу вершаў “Мая азёрная краіна”. Хоць ён запэўніваў: “…не хачу да зор, у неба, да зямлі я тут прырос”, але колькі неба ў яго радках! “Неба, аблочкі ў ясным блакіце плывуць і дрыжаць”. А летам “заліта зямелька пяшчотай, а раніцы свежыя, чыстыя, і ззяе сінявая даль…”
Дайшоў паэт і да Ельні, якую раней называлі Сінімі Балотамі. Прыроду гэтага балота ён апісваў ва ўсе поры года.
А наша Дзісёнка! Машара паказваў яе Максіму Танку. Сядзелі яны аднойчы на абрывістым беразе ракі, любаваліся нашымі краявідамі. Міхась расказваў сябру мясцовыя легенды пра русалак. Атрымліваецца, што Максім Танк, якому сёлета спаўняецца 100 год з дня нараджэння, пабываў і ў Шаркаўшчыне.
Дарэчы, творы Міхася Машары можна знайсці і ў раённай бібліятэцы.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА
Танк не быў сябрам Машары