Ксёндз Аляксей Юркайць, адміністратар мясцовай парафіі, паведаміў нам пра святкаванне дзён апекі маці Божай Вастрабрамскай, што адбудуцца ў парафіі Мосар з 7 па 16 лістапада 2012 года. Адпусты на дні апекі маці Божай Вастрабрамскай ў Мосары пройдуць пад дэвізам: “Вера і міласэрнасць — дар і заданне”.
Маці міласэрнасці з Вострай Брамы ў Вільнюсе ўшаноўваецца ўсімі хрысціянамі як заступніца Беларусі і Літвы. На землях даўняй Віленшчыны яе абраз знаходзіцца ў шматлікіх святынях, як каталіцкіх, так і праваслаўных, а таксама ў дамах вернікаў.
Жыхары парафіі і вернікі з наваколля асаблівым чынам ушаноўваюць Божую маці з Вострай Брамы. Ружанцовая малітва, якая праходзіла каля капліц у кастрычніку была добрай духоўнай практыкай і натхненнем у перажыванні штогадовых дзён апекі маці Божай.
Як у Вільнюсе, так і ў Мосары, у капліцы маці міласэрнасці, штогод праходзяць дні апекі маці Божай.
У гэтым годзе штодзённа ў 9 гадзін вернікі будуць дзякаваць маці Вастрабрамскай за шматвекавую апеку жыхароў нашых земляў у часы войнаў, эпідэмій, хвароб і іншых навалаў, спяваючы Гадзінкі. У гадзіну міласэрнасці (15:00) адбудуцца малітвы на ружанцы каля капліц, малітвы навэнны і чытанне літаніі да маці Божай міласэрнасці. А ў 17 гадзін перад абразом Божай маці вернікі збяруцца на святую літургію з навукай на тэмы веры і міласэрнасці.
11 і 16 лістапада маці міласэрнасці запрашае вернікаў на ўрачыстую еўхарыстыю — падзяку за нябесную апеку, што адбудзецца ў 13 гадзін. Раніцай праспяваюць Гадзінкі, а ў 11 гадзін памоляцца на ружанцы.
Святкаванне і ўшанаванне дзён апекі і ўрачыстая святая імша ў капліцы адбудуцца таксама ў суботу ў 13 гадзін.
Падрыхтавала Марына ЖАКАЎКА