З дзяцінства марыла Святлана Райчонак прынесці карысць роднай зямлі

Сельское хозяйство

4444— З самага ранняга дзяцінства я марыла пра дастойную і карысную прафесію для сябе і грамадства, — сказала нам у час гутаркі жыхарка вёскі Жукоўшчына Святлана Райчонак. — З цягам часу пачала задумвацца: “Кім жа я ўсё ж магу стаць?”, бо прафесію выбіраюць на ўсё жыццё. Для мяне было вельмі важна, каб будучая прафесія была цікавай і карыснай для людзей.
Святлана Леанідаўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Слабада былога калгаса “Іскра”. Невялікі населены пункт размяшчаўся на супрацьлеглым ад вёскі Грыблы беразе рачулкі Быстрыца. Цяпер там не засталося ні адной хаты, у 1980-х гадах вёска абязлюдзела.
— У бацькоў я расла адна, — прадаўжае Святлана Леанідаўна. — Тата з мамай працавалі жывёлаводамі на мясцовай ферме. Таму і я амаль кожны дзень была з імі, дапамагала карміць маленькіх цялят, выконвала іншую работу. Упэўнена, што менавіта гэта акалічнасць паспрыяла таму, што пасля заканчэння Слабадской СШ я паступіла ў 1978 годзе ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Пры паступленні брала накіраванне ад сваёй гаспадаркі, таму ў 1983 годзе, вярнуўшыся дыпламаваным спецыялістам, пачала працаваць у калгасе “Іскра”.
У той час старшынёй сельгаспрадпрыемства з’яўляўся Іосіф Іосіфавіч Гернат. Ён жа і прапанаваў мне, маладой дзяўчыне, пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача. Я дала сваю згоду. Магчыма, старэйшыя і больш вопытныя калегі мне крыху зайздросцілі, але заўсёды дапамагалі, аказвалі падтрымку. Сваю працу пачала на Жданоўскім ветерынарным участку, які размяшчаўся ў Жукоўшчыне, але з’яўляўся занальным на тры калгасы заходняй часткі нашага раёна: сельгаспрадпрыемствы “Іскра”, “Шлях Леніна” і імя Энгельса. Кіравала ўчасткам у той час Рома Іванаўна Касарэўская — вопытны спецыяліст і добразычлівы чалавек. Яна была маім першым памочнікам, дарадцай. У інстытуце мы ў свой час праходзілі тэорыю, а тут трэба было прымяняць свае навыкі на практыцы. Вось яна і аказвала мне падтрымку.
У сярэдзіне 80-х гадоў у калгасе было вельмі шмат галоў буйной рагатай жывёлы — больш за 2 тысячы. Транспарту асобнага для нас, ветурачоў, не было, таму даводзілася на жывёлагадоўчыя фермы дабірацца на веласіпедзе, на спадарожных машынах. Але мы не звярталі ўвагі на такія складанасці. Калі трэба была наша дапамога, то і ноччу ехалі на ферму лячыць жывёлу або ў навакольныя вёскі да гаспадароў. Заўсёды ішлі насустрач людзям.
У 1985 годзе звязала свой лёс з былым аднакласнікам Міхаілам, які пасля службы ў арміі працаваў у калгасе трактарыстам. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі — Наталля і Сняжана.
Калі ў 2003 годзе наша сельгаспрадпрыемства далучылі да ААТ “Васюкі”, працавала па спецыяльнасці ў аб’яднанай гаспадарцы на працягу 13 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак.
Так склаўся лёс, што ў 2014 годзе муж пайшоў з жыцця. Цяпер жыву адна. Але вельмі добра, што мае дочкі не паехалі ў далёкія гарады, стварылі свае сем’і і жывуць у Шаркаўшчыне. Наталля працуе настаўніцай у сярэдняй школе № 2, а Сняжана — у раённым Цэнтры культуры. Падрастаюць трое ўнукаў і адна ўнучка. Амаль кожныя выхадныя мае родныя прыязджаюць у госці. Хата напаўняецца гарэзлівымі дзіцячымі галасамі, звонкім смехам.
Я за ўсё ўдзячна лёсу, хоць і пасылаў ён мне шматлікія выпрабаванні. Тым не менш, трэба заўсёды радавацца кожнаму пражытаму дню, узыходу сонца на ранішнім небасхіле.
Сяргей РАЙЧОНАК.