
Людзі працы — гонар любой арганізацыі. Як бы пафасна ні гучалі гэтыя словы, але яны на самой справе з’яўляюцца праўдай. Без работнікаў сельскай гаспадаркі, будаўнікоў, настаўнікаў, урачоў, прадстаўнікоў іншых прафесій не было б таго дабрабыту, якім мы карыстаемся кожны дзень.
На працягу адзінаццаці год працуе на Шаркаўшчынскім кансервавым заводзе Ірына Гузак. За гэты час жанчына змагла заваяваць заслужаныя аўтарытэт і павагу не толькі сярод работнікаў прадпрыемства, але і ў яго кіраўніцтва.
— Нарадзілася я ў Шаркаўшчыне, дзяцінства і юнацтва мае прайшлі ў Літве, дзе наша сям’я жыла пэўны час, — кажа Ірына Іосіфаўна. — Потом мы зноў вярнуліся на маю малую радзіму. Пасля заканчэння Полацкага кааператыўнага вучылішча сваю працу я пачала ў сістэме райспажыўтаварыства нашага раёна. І вось адзінаццаць год ужо тут, на кансервавым заводзе. Працавала ў розных цэхах, а на працягу апошніх пяці год з’яўляюся аператарам лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі. Разам са мной працуюць 25 жанчын. Канечне, парой бывае складана, бо абавязкі трэба выконваць аператыўна і своечасова. У сезон нарыхтовак садавіны наша прадпрыемства працуе нават у тры змены, бо трэба выканаць вялікі аб’ем работы, у тэрмін адправіць прадукцыю. Але мы не баімся цяжкасцяў. Наадварот, яшчэ паказваем прыклад маладым работнікам, якія трапляюць да нас на працу.
Падчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, якое прайшло ў раённым цэнтры культуры 13 лістапада, кіраўнік раёна Дзмітрый Міхайлавіч Ламака ва ўрачыстай атмасферы ўручыў Ірыне Гузак Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага райвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Як падкрэсліла кіраўніцтва кансервавага завода, гэта заслужаная і пачэсная ўзнагарода для Ірыны Іосіфаўны.
Сяргей РАЙЧОНАК.
