Прафесія токара запатрабаваная ў любы час. Кваліфікаваны токар — знаходка для любога прадпрыемства. Кавалак метала ў яго руках ператвараецца ў неабходную дэталь. Нават у продажы не заўсёды такую знойдзеш. Майстар здольны па чарцяжах “падагнаць” дэталь да патрэбных параметраў. Менавіта такі спецыяліст працуе ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына”. А завуць яго Алег Воранаў.
— Нарадзіўся я ў вёсцы Падобы, — кажа Алег Сяргеевіч. — У свой час закончыў факультэт механізацыі сельскагаспадарчага інстытута у Вялікіх Луках. Тэхніку люблю з маленства, таму і абраў для сябе такую прафесію. Некаторы час жыў і працаваў у Прыбалтыцы, а ў 1992 годзе, пасля распаду СССР, вярнуўся на сваю малую радзіму. І ніколі пра гэта не пашкадаваў. Працаваў на пасадзе галоўнага інжынера мясцовай гаспадаркі, потым займаў пасаду інжынера па ахове працы. І вось трэці год з’яўляюся токарам нашага сельгаспрадпрыемства. Нягледзячы на тое, што я пенсіянер, дапамагаю гаспадарцы. Дома спраў хапае, але ўсё ж хаджу на працу ў механічныя майстэрні аграгарадка Іёды.
Як і ў кожнай прафесіі, так і ў такарскай справе ёсць свае складанасці: не заўсёды хапае расходных матэрыялаў, грашовых сродкаў для іх набыцця. Але ў вырашэнні праблем дапамагае кіраўніцтва, інжынерная служба сельгаспрадпрыемства, механізатары.
— Залатыя рукі ў нашага токара, — кажа вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Буеўшчына” Аляксандр Гернат, — за што ні возьмецца — усё ў яго атрымліваецца. Алег Сяргеевіч адносіцца да ліку адказных і працалюбівых людзей.
Сяргей РАЙЧОНАК.
