Занятак, прысвечаны гісторыі роднага краю, прайшоў у Германавічах

Молодежь

439 (Копировать)У мастацка-этнаграфічным музеі імя Язэпа Драздовіча ў аграгарадку Германавічы ладзяцца шматлікія выставы, экскурсіі, прэзентацыі-падарожжы, прысвечаныя малой радзіме, землякам, якія сваёй працай праславілі родны край. Чарговы занятак па гісторыі роднага краю для старшакласнікаў мясцовай школы правяла супрацоўнік музея Іна Пучынская.
Тэма занятку — “Твой лёс, вёска, сугучны з лёсам Радзімы”. Мястэчка Германавічы ўпершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1563 годзе. Цяпер гэта аграгарадок з развітой інфраструктурай, са шматлікімі вуліцамі і завулкамі, з прыгожымі адміністрацыйнымі будынкамі і прыватнымі дамамі.
Гэты населены пункт мае сваю багатую, насычаную падзеямі гісторыю. Як і іншыя вёскі, пасёлкі і гарады Беларусі, Германавічы зведалі прыгнёт чужаземцаў, нямецка-фашысцкую навалу падчас Вялікай Айчыннай вайны, разруху, перыяд пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі і іншае.
Іна Сямёнаўна ў сваім аповедзе расказала вучням пра звычайных людзей, якія жылі і працавалі ў Германавічах, у навакольных вёсках былога калгаса “Буравеснік”.
Вучням цікава было даведацца пра жыццёвы шлях свайго земляка Віктара Іосіфавіча Храла, які прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, змагаўся з ворагам на подступах да Масквы ў 1941 годзе, працаваў у тыле, а з 1943 года з баямі вызваляў гарады еўрапейскіх краін, дайшоў да Берліна. Потым Віктар Іосіфавіч жыў у вёсцы Цярэшкі, якая размяшчаецца побач з Германавічамі.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з ворагам Марцін Пятровіч Кукуць, які, на вялікі жаль, загінуў за адзін месяц да Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Як падкрэсліла Іна Сямёнаўна, вельмі важна памятаць гісторыю сваёй краіны, сваёй малой радзімы. Памятаць, каб быць сапраўдным патрыётам Бацькаўшчыны.
Сяргей РАЙЧОНАК.