Прыгадваецца семінар па жывёлагадоўлі, які праходзіў у КУВСП “Гарадзец”. Адзін з тэхналагічных прыёмаў, які прапанаваў прадэманстраваць прысутным старшыня райвыканкама некаму з ветурачоў — было выпальванне рогаў у маленькіх цялушак. Дарэчы, гэта важнае мерапрыемства павінны праводзіць на месцах ветурачы з той мэтай, каб пасля, калі цялушкі стануць дарослымі каровамі, не траўміравалі рогамі адна адну ў часы прагулак, або пры выгульным утрыманні ў даільных залах. З натоўпу прысутных на семінары выйшла маладжавая, стройная жанчына. Яна зайшла ў адну з клетак, дзе знаходзіліся пры халодным утрыманні маленькія цяляты гаспадаркі. Пры дапамозе спецыяльнага прыбора акуратна, прафесійна зрабіла патрэбную аперацыю жывёле. Гэта была Ала Баговіч — ветурач з ААТ “Буеўшчына”. Адкуль у жанчыны такая, скажам, мужчынская хватка, уменне, спрыт, а значыць і любоў да сваёй прафесіі? Аказваецца, бацька Алы Георгій Баніфацавіч Мышко 40 гадоў адпрацаваў галоўным ветурачом у былым калгасе “Усход”. Калі яшчэ Ала хадзіла ў школу, бацька, прыйшоўшы з работы, гаварыў пра жывёлу, пра яе лячэнне і пра розныя выпадкі са сваёй практыкі. Дзяўчына чула ўсё гэта і ганарылася бацькавай прафесіяй. Таму не было іншага выбару, як пайсці па сцяжынцы бацькі. Пасля школы, не раздумваючы, Ала Мышко паехала паступаць у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Вучылася з вялікім задавальненнем і пасля заканчэння навучальнай установы вярнулася працаваць у родную гаспадарку. Прызначылі яе на пасаду ветфельчара, стала выконваць свае абавязкі разам з бацькам. Набытыя веды падмацоўвала практыкай. У чым сумнявалася, брала ўрокі ў бацькі. А калі Георгій Баніфацавіч пайшоў на заслужаны адпачынак — узначаліла ветэрынарную службу гаспадаркі.
У суседняй вёсцы Ала сустрэла свайго суджанага. Фёдар працаваў у гэтай жа гаспадарцы шафёрам. Трэба сказаць, што і цяпер ён займаецца гэтай справай. Апошнім часам Фёдар Еўдакімавіч атрымаў больш магутную аўтамашыну КамАЗ і выконвае розныя транспартныя работы ў сельгаспрадпрыемстве.
Першыя гады сумеснага жыцця маладая пара жыла ў вёсцы Корніца, непадалёку ад бацькоўскага дома Алы. У Алы і Фёдара нарадзілася трое дзетак. Шматдзетнай сям’і стала цеснавата жыць у невялікай вясковай хаце, і гаспадарка выдзеліла ім дом у вёсцы Буеўшчына. Трэба сказаць, што ён прыметна адрозніваецца ад іншых. Калі трымаць накірунак з Шаркаўшчыны на Браслаў, то з правага боку дарогі можна заўважыць ярка-зялёны дом.
— Такі колер фарбы выбрала жонка. Яна любіць усё яркае, пярэстае, каб выдзяляцца сярод іншых, — заўважыўшы нашу цікаўнасць сказаў Фёдар Еўдакімавіч, і запрасіў у мініяцюрны садок.
Там раслі карлікавыя яблыні, грушы, усыпаныя пладамі, і мноства кветак.
Праўда, прыехалі мы да Баговічаў позняй восенню, калі ў палісадніку большасць кветак адцвіло, але яшчэ буялі рознакаляровыя вяргіні. Якіх толькі іх там ні было! Такая колькасць, што ахоплівала, здаецца, усе існуючыя гатункі: немахровыя, каўняровыя, півонявыя, анемонавыя, дэкаратыўныя, пампонныя, карлікавыя. Здавалася, што няма канца іх мроям на мяккім улонні цішыні.
— Жывёла і кветкі, неяк не стасуецца? — пытаюся ў Алы Георгіеўны, якая прыехала на веласіпедзе паабедаць.
— Люблю ўсё жывое на зямлі. У нас на падворку карова, цялё, свінні, куры, качкі. Калі жылі ў Корніцы, займалася нутрыямі. Тут пакуль такой магчымасці няма. Пастаянна каля жывёлы я на асноўнай працы. У маім, так скажам, абіходзе жывёлагадоўчыя фермы Буеўшчына, Дубнічкі і Корніца. Там утрымліваюцца каля 1400 жывёлін. Мая непасрэдная задача, каб яны былі здаровыя. Але мы, ветэрынарныя ўрачы, як і медыцынскія работнікі, не маем права адмаўляць, калі дзе патрабуецца наша дапамога, — паведаміла Ала Баговіч.
ААТ “Буеўшчына” — гаспадарка вялікая і фермы адна ад адной размешчаны на значнай адлегласці. Каб дабрацца на патрэбны ўчастак работы, гаспадарка выдзеліла для зоаветслужбы спецыяльную аўтамашыну. А калі па якіх прычынах на ёй нельга дабрацца, то выручае веласіпед.
Акрамя рабочых абавязкаў у Баговічаў шмат сямейных спраў. Праўда, старэйшы сын Фёдар ужо, як кажуць, на сваім хлебе. Ён пасля заканчэння Віцебскага будаўнічага каледжа застаўся працаваць у адной з будаўнічых арганізацый Віцебска. Дачка Святлана вырашыла стаць педагогам. Яна займаецца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава. Маленькі Юра ходзіць у другі клас Іёдскай сярэдняй школы-сада. Калі Свеце трэба матэрыяльна дапамагчы, то Юру, як самаму меншаму, патрабуецца больш увагі ўдзяляць у сэнсе вучобы.
Ала Георгіеўна час ад часу наведвае сельскую бібліятэку, якая знаходзіцца непадалёку ад дома. Чытае розную літаратуру, але больш пазнавальную, зразумела, пра кветкі, пра кампазіцыі, каб пасля прымяніць на практыцы. А Фёдар Еўдакімавіч па просьбе жонкі прынясе, прывязе, выкапае, што дзе патрэбна.
Па выхадных наведваюцца да бацькоў Фёдар і Святлана. Яны ўключаюцца ў работу па дому, на прысядзібным участку. Тады шумна і весела становіцца ў доме Баговічаў.
Кацярына СОСНА