Школа — аазіс ведаў і культуры. Інтэрв’ю з дырэктарам Станіславоўскай БШ Яўгенам Генадзьевічам Дулінцом

Молодежь

Тамара Паўлаўна Сікора, Марыя Казіміраўна Усцінава, Яўгеній Генадзьевіч Дулінец і Алена Міхайлаўна Свілёнак падчас нарады ў настаўніцкай

Закончылася першая навучальная чвэрць у школах раёна. 1 лістапада ў дзяцей пачаліся восеньскія канікулы. Пра тое, як вялася падрыхтоўка навучальнай установы і як распачаўся чарговы навучальны год у Станіславоўскай БШ расказвае яе дырэктар Я. Г. ДУЛІНЕЦ.
—    Яўгеній Генадзьевіч, раскажыце, як вам удаецца падтрымліваць будынак школы і прышкольную тэрыторыю ў належным стане?
—    Асноўная задача школы — павышэнне якасці адукацыі і стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы

каля школы можна адпачыць у альтанцы

школьніка. Праца педагагічнага калектыву накіравана на вырашэнне асноўнай задачы. А для гэтага трэба стварыць належныя ўмовы для заняткаў. На пачатку быў складзены план рамонту і добраўпарадкавання школы. У бягучым годзе замянілі агароджу каля школы — Станіславоўскі сельскі Савет выдзеліў 40 пралётаў агароджы. Мы ўласнымі сіламі ўстанавілі і пафарбавалі яе. Рэгулярна абкошваем тэрыторыю, абнаўляем малыя архітэктурныя формы. У будынку школы праведзены касметычны рамонт — пафарбавалі, паклеілі шпалеры. У фае на вокнах з’явіліся новыя жалюзі.
Прыемна адзначыць, што нашы намаганні былі недарэмнымі. Падчас свята першага званка была арганізавана экскурсія па школе для бацькоў. Таты і маці ў адзін голас сцвярджалі, што школа стала выглядаць значна лепш.
Галоўнае, што ўсе зацікаўлены, каб дзеці займаліся ў прыгожай і добраўпарадкаванай навучальнай установе. Для гэтага працуюць настаўнікі, тэхработнікі, і, канечне, самі вучні. Хочацца падзякаваць за падтрымку кіраўніцтву ААТ “Васюкі”.
—    Удасканаленне адукацыйнага працэсу — гэта…
—    Выкарыстанне новых тэхналогій, індывідуальная работа з вучнямі, арганізаваная выхаваўчая работа, прымяненне сучасных форм і метадаў работы, супрацоўніцтва з бацькамі. Усё гэта ў сукупнасці і дае магчымасць дзецям атрымаць у школе грунтоўныя веды.
—    Станіславоўская БШ — гэта адзіная навучальная ўстанова ў сельсавеце. Якія яе перспектывы?
—    Зараз у нас займаюцца 43 вучні, з якімі працуюць 13 настаўнікаў. Пасля закрыцця суседніх школ да нас прыйшлі вучыцца чатыры вучні са Слабады і восем з Васюкоў.
Хачу адзначыць, што ў школе ёсць усе класы: найбольшы — адзінаццаць вучняў, найменшы — адзін вучань. Дзейнічаюць чатыры інтэгрыраваныя класы. Гэта звязана з тым, што ў нас займаюцца вучні з асаблівасцямі псіхалагічнага развіцця.
—    А як наконт забяспечаннасці педагагічнымі кадрамі?
—    У школе працуюць вопытныя настаўнікі. Тры педагогі маюць вышэйшую катэгорыю, астатнія — першую. У гэтым годзе пачаў працу настаўнік-дэфектолаг.
Усе настаўнікі працуюць добрасумленна, укладваючы, як кажуць, душу ў справу. Нельга не адзначыць такіх педагогаў, як Алена Міхайлаўна Свілёнак, Тамара Сяргееўна Якімовіч, Тамара Паўлаўна Сікора, Марыя Казіміраўна Усцінава, Аляксандр Валер’янавіч Лаўрыновіч.
Як кіраўнік дадам, што з такім калектывам усе задачы па плячы.
—    Яўгеній Генадзьевіч, раскажыце пра тое, якую дапамогу аказвае школа гаспарадкам раёна ў вырошчванні і ўборцы ўраджаю?
—    Не першы год супрацоўнічаем з ААТ “Даватарскі”. Вучні займаюцца праполкай і ўборкай буракоў. Гаспадарка аказвае школе дапамогу транспартам. Дапамагаем вырошчваць і ўбіраць ураджай ААТ “Васюкі”. Наладжана супрацоўніцтва з мясцовым лясніцтвам.
—    А што робіцца для таго, каб зрабіць школьныя абеды больш таннымі?
—    Для гэтага ўласнымі сіламі вырошчваем агародніну. У бягучым годзе атрымалі нядрэнны ўраджай чырвоных буракоў, морквы, фасолі, цыбулі. Бульбу закупілі ў КУВСП “Гарадзец” — на гэта сродкі выдзеліла ААТ “Васюкі”. Таксама ААТ “Васюкі” дапамагае мясам.
—    Яўгеній Генадзьевіч, назавіце самых актыўных вучняў школы.

—    Адметнасць невялічкіх сельскіх школ у тым, што кожны вучань можа сябе праявіць. У Станіславоўскай БШ у пазаўрочных мерапрыемствах задзейнічаны ўсе дзеці. Хлопцы і дзяўчаты робяць тое, што ім больш падабаецца — спяваюць, танцуюць, чытаюць вершы, удзельнічаюць у  спартыўных спаборніцтвах. Сярод самых актыўных — выдатніца Насця Квач, Каця Лаўрыновіч, Уладыслаў Свілёнак, Дар’я Жук, Вераніка Васюк, Канстанцін Лабуць, Юрый Базельчук, Сяргей Тарарака, Аляксандр Тарарака, Алеся Шпаковіч, Дар’я Руткоўская.
—    Дзякуй за размову. Поспехаў у працы вам і ўсяму калектыву Станіславоўскай БШ.
Гутарыў Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *