Укараненне здароўезберагальных тэхналогій у навучальны працэс абмяркоўвалася на семінары намеснікаў дырэктароў школ

Молодежь

Укараненне здароўезберагальных тэхналогій у навучальны працэс — адна з самых важных і даступных умоў для захавання здароўя вучняў. Тэма надзвычай актуальная ў сучаснай школе, і менавіта яе абмяркоўвалі намеснікі дырэктароў у час работы метадычнага аб’яднання, якое адбылося 25 кастрычніка на базе Шаркаўшчынскай СШ №2. Адкрыла семінар загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Рычардаўна Рымдзёнак. Пра дзейнасць навучальнай установы прысутным расказала дырэктар сярэдняй школы № 2 Алеся Іванаўна Сікора і прадэманстравала відэа-візітку “Мы пра школу — школа пра нас”. На наступным этапе работы педагогі былі запрошаны на адкрытыя ўрокі па беларускай і англійскай мовах, выяўленчаму мастацтву, фізіцы, інфарматыцы, фізкультуры і геаграфіі. Майстар-класы па вучэбных прадметах праводзілі вопытныя і высокакваліфікаваныя настаўнікі Іна Веніямінаўна Лутохіна, Алена Іванаўна Лук’янёнак, Таццяна Генадзьеўна Гернат, Раіса Анатольеўна Войтава, Ірына Вітальеўна Абалевіч, Алена Алегаўна Чарняўская і Галіна Алегаўна Ахрамёнак. Пасля аналіза ўрокаў удзельнікі метадычнага аб’яднання паглядзелі прадстаўленне “У здаровых настаўнікаў — здаровыя вучні”.
Здароўезберагальныя тэхналогіі ў вучэбным працэсе прысутныя абмеркавалі разам з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Людмілай Палікарпаўнай Сцяпанавай. Флэш-трэнінг па прафілактыцы эмацыянальнага “выгарання” педагогаў “У гармоніі з сабой” правяла педагог-псіхолаг Валянціна Алегаўна Рубацкая. Пасля знаёмства з выставай метадычных матэрыялаў адбылася прэзентацыя форум-тэатра “Лякарства ад адзіноты”.
Завяршылася мерапрыемства сустрэчай за круглым сталом. У час размовы асаблівая ўвага надавалася пытання фарміравання здароўецэнтрыраванай навучальнай прасторы школы, прывіцця навыкаў здаровага ладу жыцця дзецям. Актуальныя для школы пытанні ўдзельнікі семінара абмеркавалі разам з намеснікам начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Кацярынай Рыгораўнай Міхнёнак і загадчыцай вучэбна-метадычнага кабінета Ірынай Рычардаўнай Рымдзёнак.
Дарэчы, пра перавагі здаровага ладу жыцця сёння ведаюць практычна ўсе. І калі дарослыя самі могуць зрабіць свой выбар на карысць фізічнай актыўнасці, то здароўе падрастаючага пакалення ў руках дарослых. А значыць задача педагогаў сфарміраваць у дзяцей здаровыя звычкі, зацікавіць спартыўнымі заняткамі, а таксама стварыць такі мікраклімат на ўроку, каб кожны вучань адчуваў сябе камфортна і атрымліваў задавальненне ад вучобы.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *