Кожны з нас, дарослых, у дзяцінстве верыў у Дзеда Мароза і Снягурачку, якія здзяйснялі нашы самыя запаветныя мары. Мы заўсёды з нецярпеннем чакалі надыходу Новага года, зімовых школьных канікул, каб удосталь пакатацца на санках і лыжах, каньках або проста збудаваць снежную крэпасць ці зляпіць снегавіка.
Ажыццявіць мары і жаданні цяперашнім хлопчыкам і дзяўчынкам, як і раней, дапамагаюць Дзед Мароз са Снягурачкай, іншыя казачныя персанажы. Свята чакаюць ўсе без выключэння.
А займаюцца гэтай справай работнікі ўстаноў культуры гарадскога пасёлка і сяла. Напрыклад, у раённым Цэнтры культуры сёлета ў Дзеда Мароза і Снягурачку пераўвасобіліся выкладчык мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Арсеній Пяткевіч і загадчыца сектара па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва Таццяна Крыўко.
— З 25 і да 31 снежня ўключна мы ажыццявілі больш дваццаці выездаў на дом па папярэдніх заказах, павіншавалі больш трыццаці маленькіх дзетак з Калядамі і Новым годам, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна. — Для нас галоўным з’яўляецца тое, што праз свае шчырасць, дабрыню і усмешкі мы і сапраўды падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам не проста памятныя сувеніры, а ператварылі ў яву самае запаветнае жаданне кожнага з іх, змаглі ўвасобіць казку ў жыццё.
Сяргей РАЙЧОНАК.