У чарговы раз у рэдакцыю раённай газеты патэлефанавала жыхарка гарадскога пасёлка Аліна Лявонаўна Грыдзюшка. Вось, што яна паведаміла.
“У красавіку 2019 года пайшоў з жыцця мой сын, які жыў разам са мной. Страта любімага і роднага чалавека для мяне аказалася вельмі значнай, а боль у сэрцы палае і сёння незагойнай ранай. Так склаўся лёс, што ў мяне цяпер няма родных людзей побач. І толькі, напэўна, дзякуючы Усявышняму я змагла знайсці духоўныя і фізічныя сілы, каб жыць далей. У гэтым мне заўсёды дапамагала і дапамагае чалавек чыстай, светлай душы і вялікага сэрца — сацыяльны работнік Аліна Кукарскіх. Аліна Уладзіміраўна дапамагае мне па хатняй гаспадарцы на працягу дзевяці год. Менавіта яна ў літаральным сэнсе вярнула мяне да жыцця. Выконваючы свае службовыя абавязкі, жанчына клапоціцца пра мяне, як пра свайго роднага чалавека. Яна нават у выхадныя і святочныя дні не толькі тэлефануе, каб даведацца пра стан майго здароўя, але і, не зважаючы на свой уласны час, асабістае жыццё, прыходзіць да мяне, прыносіць прадукты харчавання, патрэбныя лекі. Прыходзіць, каб іншы раз проста пагутарыць са мной, падбадзёрыць, узняць настрой.
Мілая і дарагая Аліначка, віншую цябе з навагоднімі і каляднымі святамі, а таксама з прафесійным святам — Днём работнікаў сацыяльнай абароны. Няхай табе заўсёды шчасціць у жыцці, сустракаюцца толькі сумленныя і добразычлівыя людзі, а родныя і блізкія будуць побач!
Словы віншаванняў з нагоды свята я адрасую таксама дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іне Вячаславаўне Прыстаўка і ўсім супрацоўнікам дадзенай установы. Мілыя і сардэчныя людзі, вы займаецеся вельмі карыснай справай, якая нам, пажылым людзям, прыносіць матэрыяльны дабрабыт і душэўную цеплыню”.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.