
Фатограф Аляксей Петухоў прапанаваў увазе шаркаўчан свае работы, аб’яднаныя назвай — “Вандруючы па Беларусі”. Адкрывала выставу супрацоўніца раённага Цэнтра рамёстваў Людміла Сомава, якая грунтоўна і пранікнёна распавяла пра творчасць Аляксея Петухова.
Як мы даведаліся з размовы з самім Аляксеем, фатаграфіяй ён цікавіцца яшчэ з дзяцінства. Яго родныя таксама

займаліся гэтай справай і прывілі любоў да фота і Аляксею. Нездарма ён выбраў і назву для сваёй выставы. Аляксей акцэнтаваў увагу на тым, што сам жыве ў Беларусі і любіць родныя мясціны. У яго работах адлюстраваны не толькі Шаркаўшчынскі раён, а і Мінскі, Віцебскі і іншыя. У сваіх фотаздымках ён ставіў мэтай паказаць прыгажосць вёсак, роднай прыроды, старых помнікаў культуры. Перадаць маляўнічасць тых куткоў нашай краіны, да якіх можа быць складана дабрацца і якіх, з цягам часу, застаецца ўсё менш і менш.
У зале прысутнічаў кіраўнік справамі райвыканкама Юрый Васілеўскі. Ён, як чалавек, зацікаўлены фотамастацтвам, адзначыў цікавую тэхніку выканання работ Аляксея. Звярнуў увагу і на значную тэматыку фотаздымкаў, у якіх раскрываецца гісторыя нашай краіны. Таксама Юрый Анатольевіч выказаў свае віншаванні і пажадаў далейшых творчых поспехаў аўтару. Выставу наведалі і сябры-фатографы Аляксея Петухова: Валерый Кавалёнак з Шаркаўшчыны і Андрэй Мацур з Пастаўскага фотаклуба “Светосила”. Яны высока ацанілі работы калегі. І сапраўды фота Аляксея могуць прыцягнуць увагу гледача добрай перадачай атмасферы і настрою, пры якіх былі зроблены здымкі.
Напрыканцы адкрыцця фотамастак выразіў удзячнасць дырэктару раённага Цэнтра рамёстваў Вікторыі Казіміраўне Дубоўскай за прадастаўленае памяшканне і запрасіў шаркаўчан наведаць выставу.
Тэкст і фота Марыны ЖАКАЎКА


Отличный план — проводить такие мероприятия.