
Як толькі завяршыліся асеннія палявыя работы ў сельгаспрадпрыемствах, механізатары паставілі тэхніку на зімовае захоўванне. Тым не менш, у механічных майстэрнях па-ранейшаму работа кіпіць. Трактарысты, слесары даводзяць да ладу сваіх “сталёвых коней”, прычапныя агрэгаты.
Кожны дзень з самага ранку пачынаецца працоўны працэс у механічных майстэрнях адкрытага акцыянернага таварыства “Ельня-Агра”. Кожны работнік займаецца сваёй справай: токар выточвае патрэбныя дэталі, электрагазазваршчык рамантуе зварачны апарат, механізатары і вадзіцелі мяняюць вузлы і агрэгаты на замацаванай за імі тэхніцы. За рабочым працэсам пільна сочыць галоўны інжынер гаспадаркі Вячаслаў Буда. І хоць працуе малады мужчына на гэтай пасадзе толькі пяты год, ён ужо дасканала ведае, якія запасныя часткі, расходныя матэрыялы трэба набыць у першую чаргу, як найлепш з’эканоміць грашовыя сродкі пры набыцці тых або іншых дэталяў. Вячаслаў і сам заўсёды дапамагае механізатарам у рамонце тэхнікі.
— Трактарыстаў у нашым сельгаспрадпрыемстве не так і шмат, крыху больш за 20 чалавек, — кажа галоўны інжынер. — Важкую дапамогу аказваюць механізатары, якія ўжо знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму працуюць у гаспадарцы. На дадзены момант, як вы бачыце самі, займаемся рамонтам трактароў, грузавых аўтамабіляў, прычапных агрэгатаў. Восенню мы цалкам узнялі зябліва на запланаванай плошчы. Адразу ж прыступілі да рамонтных работ, каб без прамаруджвання вясной распачаць палявыя работы, бо час ляціць непрыкметна і хутка.
20 снежня мы атрымалі два новыя энерганасычаныя трактары “Беларус” МТЗ-1221 сярод тых 354 адзінак, якія трапілі ў гаспадаркі Віцебскай вобласці. На дадзены момант тэхніка знаходзіцца на пляцоўцы інтэграцыйнай структуры ў Полацку, афармляецца адпаведная дакументацыя.
— Я і мой таварыш Яўгеній Арэх пераганялі новыя трактары з Мінска ў Полацк, — далучыўся да гутаркі перадавы механізатар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Яблонскі. — Адлеглась досыць вялікая, у дарозе з перапынкамі мы знаходзіліся 14 гадзін. Тэхніка новая, выдатная, паломак у дарозе не было. Спадзяюся, што і ў працоўным працэсе яна пакажа сябе з найлепшага боку, бо айчынныя трактары самыя надзейныя. У гэтым я цалкам упэўнены, бо шмат год працую механізатарам. За мной замацаваны Амкадор, “Кіравец” К-701 і “Беларус” МТЗ-1221. Работы хапае і ў зімовы перыяд. У асноўным цяпер займаюся пагрузкай арганікі, кармоў для буйной рагатай жывёлы. Умовы працы ў нашым сельгаспрадпрыемстве добрыя. Сам я жыву ў аграгарадку Германавічы, раніцай мяне ў ліку механізатараў з дальніх населеных пунктаў прывозяць да месца працы, а ўвечары — назад. Яшчэ ў маленстве я палюбіў тэхніку, таму ніколі не пашкадаваў, што жыву і працую ў сельскай мясцовасці, на сваёй малой радзіме.
Сяргей РАЙЧОНАК.
