
17 лістапада ў вялікай зале райвыканкама адбылася пазачарговая 17-я сесія раённага Савета дэпутатаў, якую вёў яго старшыня У. С. Шпец. Удзел у нарадзе прынялі старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінец, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар СТАА “Марка”, адказны ад Віцебскага аблвыканкама за Шаркаўшчынскі раён М. В. Мартынаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання М. В. Морхат, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама У. М. Северын, начальнік упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама А. І. Кліцуноў. На парадку дня разглядалася адно пытанне — аб назначэнні старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта.
Напачатку слова прадаставілі начальніку ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама У. М. Северыну. Уладзімір Мікалаевіч выступіў са справаздачай аб рабоце на пасадзе старшыні райвыканкама М. В. Морхата. У. М. Северын паведаміў, што загадам старшыні аблвыканкама А. М. Косінца па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка старшынёй Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта прызначаны Мікалай Ірынархавіч Баговіч.
Па пытанню прызначэння старшыні райвыканкама выступілі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў М. В. Манкевіч і Г. І. Бондар (намеснік старшыні райсавета).
Затым адбылося адкрытае галасаванне дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў наконт зацвярджэння кандыдатуры М. І. Баговіча на пасаду старшыні райвыканкама. Дэпутаты адзінагалосна прагаласавалі “за”. У. С. Шпец абвясціў аб зацвярджэнні М. І. Баговіча старшынёй райвыканкама.
Быў зачытаны загад аб узнагароджанні Ганаровай граматай М. В. Морхата за значны асабісты ўклад у развіццё Віцебскай вобласці, актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці. Мечыслаў Віктаравіч атрымаў таксама падзяку ад губернатара за забеспячэнне высокай ураджайнасці, якаснае правядзенне пасяўной і ўборачнай кампаній.
Слова было прадастаўлена М. І. Баговічу. Кіраўнік раёна падзякаваў кіраўніцтву вобласці і дэпутатам за аказаны давер.
— Разумею адказнасць, якая ўскладзена на мяне, — адзначыў старшыня райвыканкама. — Наперадзе — маштабная, сумесная, мэтанакіраваная работа па выкананні паказчыкаў і мерапрыемстваў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну. Шаркаўшчынскі раён сельскагаспадарчы — у гэтай сферы заняты 44 працэнты працоўных. Да 2015 года трэба павялічыць вытворчасць асноўных відаў прадукцыі. А гэта 110 тысяч тон зерневых і зернебабовых, 61 тысяча тон малака і 11 тысяч тон мяса. Сярэдні надой ад каровы павінен узрасці да 6 тысяч літраў, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы — да 800, свіней — да 600 грамаў. У 2013 годзе павінны быць пабудаваны новыя зернесушыльныя комплексы ў ААТ “Княж”, “Васюкі”, “Жвіранка”. Трэба завяршыць будаўніцтва і рэканструкцыю МТФ Пашкі (ААТ “Агратэхсэрвіс”), Варонка (ААТ “Буеўшчына”), Ручай (ААТ “Агратэхсэрвіс”), Лонскія (ААТ “Юдыцына”), Каўшэлева (ААТ “Жвіранка”), Зорка (ААТ “Ельня-Агра”). Запланавана набыць больш за 15 адзінак тэхнікі для сельскай гаспадаркі. Неабходна зрабіць не проста тэхнічнае, а тэхнічна-тэхналагічнае перааснашчэнне сельскагаспадарчай галіны.
Кіраўнік раёна зазначыў, што ў бліжэйшы час трэба пабудаваць торфаперапрацоўчы завод, завяршыць будаўніцтва двух аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу. Ёсць планы па ўзвядзенню сучаснага фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры. Па словах М. І. Баговіча, неабходна працягваць работу па забеспячэнні жыхароў райцэнтра і аграгарадкоў якаснай пітной вадой, па мадэрнізацыі вытворчасці, па ўдасканаленню сацыяльнай сферы раёна. Перад кіраўніцтвам раёна стаіць задача будаўніцтва або рэканструкцыі лазні.
Перад прысутнымі выступіў М. В. Морхат, які на працягу 13 гадоў з’яўляўся старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама. Мечыслаў Віктаравіч падзякаваў прысутным за падтрымку падчас працы на такой адказнай пасадзе. Па словах былога кіраўніка, жыхары раёна заўсёды аказвалі неабходную падтрымку, старанна працавалі. Дзякуючы добрасумленнай працы кожнага чалавека, Шаркаўшчынскі раён меў шмат дасягненняў.
М. В. Морхат запэўніў прысутных, што з’яўляючыся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, будзе прыкладваць максімум намаганняў для паляпшэння дабрабыту кожнага чалавека і ўсяго раёна ў цэлым. Мечыслаў Віктаравіч падзякаваў губернатару за пастаянную падтрымку раёна і, у прыватнасці, за дапамогу ў будаўніцтве бальніцы.
Сваім бачаннем сітуацыі ў раёне і ў вобласці падзяліўся А. М. Косінец:
— Шаркаўшчынскі раён павінен быць моцным, бо тут жывуць працавітыя людзі. І надалей трэба развіваць сельскую гаспадарку, прамысловасць, сацыяльную сферу. Ужо зараз трэба думаць пра стварэнне новых працоўных месцаў, пра асваенне вытворчасці новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі. Трэба даць магчымасць людзям зарабіць, што, у сваю чаргу, дасць магчымасць павысіць узровень жыцця.
Губернатар нагадаў, што трэба думаць пра раённы бюджэт, бо зараз Шаркаўшчынскі раён атрымлівае вялікія датацыі з абласнога бюджэту. Кіраўнік вобласці паставіў задачу павялічыць вытворчасць працы і вырабляць больш прадукцыі. А для гэтага, па словах Аляксандра Мікалаевіча, створаны ўсе ўмовы.
А. М. Косінец нагадаў, што трэба больш увагі ўдзяляць кадраваму пытанню, што нельга дапусціць, каб спецыялісты пакідалі раён. Неабходна будаваць жыллё. На думку губернатара, трэба развіваць прамысловасць, арганізоўваць новую вытворчасць, развіваць гандаль. І тады рэгіён будзе развівацца, і будзе расці дабрабыт шаркаўчан.
Аляксандр БАРЫЛА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА

А где комментарии? Зачем удалили, а ?