Да юбілею Міхаіла Пазнякова ў дзіцячай бібліятэцы адбыўся літаратурны куфэрак

Общество

IMG_5343 (Копировать)

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнавец Міхаіл Пазнякоў нарадзіўся 24 студзеня 1951 г. у вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Напярэдадні 70-гадовага юбілею Міхаіла Паўлавіча ў дзіцячай бібліятэцы адбыўся літаратурны куфэрак “Гаваркі, як скарагаворкі” для вучняў 4 класа сярэдняй школы № 1. Цікавае мерапрыемства для дзяцей падрыхтавала і правяла бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Людміла Казіцкая.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з 4 «А» класа актыўна прымалі непасрэдны ўдзел у правядзенні праграмы. Быў тут і «пісарчук» — Яна Язёнак, якая запісвала на спецыяльна падрыхтаванай «дошцы падарожжаў» новыя беларускія словы. Таксама выбралі памочніка — Яраслава Зайцава, які пры дапамозе лічылкі выбіраў наступных удзельнікаў літаратурнага куфэрка.

Разам з бібліятэкарам Людмілай Аляксандраўнай юныя чытачы даведаліся пра біяграфію і творчы шлях знакамітага пісьменніка, дзе ён працаваў, хто яго натхняў, пра што пісаў і іншае.

Першая кніжка пісьменніка «Дзіўныя «блізняты» была адрасавана дзецям. Затым з’явіліся зборнікі «Побач з татам», «Тры чарадзеі», «Ехаў поўны воз дзівос», «Шые вожык кажушок», «Дзівосны свет» і іншыя. Вершы Міхася Пазнякова ўключаны ў падручнікі, хрэстаматыі, чытанкі, навучальныя дапаможнікі. На словы паэта напісана шмат дзіцячых песень.

IMG_5338 (Копировать)

Юныя наведвальнікі засталіся задаволенымі мерапрыемствам. Некаторыя з іх выказалі жаданне больш падрабязней азнаёміцца з творчасцю пісьменніка і ўзялі творы да дому.

Людміла Аляксандраўна падзякавала вучням за актыўны ўдзел і запрасіла часцей наведваць бібліятэку.

Алена АНАНІЧ.

IMG_5346 (Копировать) IMG_5349 (Копировать) IMG_5355 (Копировать) IMG_5363 (Копировать)