22 лістапада праз Шаркаўшчыну прайшоў хрэсны ход з іконай Канстанціна Жданава і часцінкай яго святых мошчаў (фота)

Актуальное

22 лістапада праз Шаркаўшчыну прайшоў хрэсны ход з іконай Канстанціна Жданава і часцінкай яго святых мошчаў. Ад адміністрацыйнага будынка ААТ “Агратэхсэрвіс” удзельнікі хода накіраваліся па вуліцах гарадскога пасёлка да Свята-Успенскай царквы, якая сёлета святкуе стагадовы юбілей. Вернікі, а гэта былі ў асноўным людзі пажылога ўзросту (хрэсны ход адбываўся ў рабочы дзень, і не ва ўсіх была магчымасць прыняць у ім удзел), задумліва ішлі ў гэты ветраны непагодны дзень, які настройваў на задуменны настрой. Гучалі малітвы з просьбамі да Ісуса Хрыста, Еўфрасінні Полацкай, святых, у іх ліку і да мучаніка Канстанціна Жданава праявіць заступніцтва і апекавацца над Шаркаўшчынай і яе жыхарамі. Свята-Успенская царква сустрэла працэсію меладычным звонам званоў. Абышоўшы вакол царквы тры разы, удзельнікі накіраваліся на малебен. Трэба сказаць, што былі сярод іх і тыя, чыя продкі непасрэдна прымалі ўдзел у будаўніцтве храма. Напрыклад, маленькія Мікалай і Марыя Міронава, Ціхан Чарноў — прапрапраўнукі Івана Цітовіча і Канстанціна Буйкі.
А ў 13 гадзін раённы Дом культуры запрасіў на святочнае мерапрыемства, прысвечанае юбілею царквы. Напачатку гледачы, якія, дарэчы, цалкам запоўнілі залу, убачылі слайды-фотаздымкі і пачулі расказ пра гісторыю царквы. Пасля чаго ўшанавалі памяць усіх, хто далучыўся да яе будаўніцтва, яе настаяцеляў. Протаірэй Пётр Бараноўскі, які з’яўляецца благачынным Шаркаўшчынскага раёна, звярнуўся з віншаваннямі з нагоды такой важнай падзеі ў духоўным жыцці раёна да настаяцеля храма Васілія Стрыжнёва, яго прыхаджан, кожны з якіх, наведваючы храм, уносіць часцінку ў агульнае духоўнае адраджэнне. Таксама павіншаваў прысутных намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч і пажадаў, каб традыцыі веры перадаваліся ад старэйшага пакалення моладзі і каб іх храм заўсёды заставаўся месцам, дзе пануе дабро, згода і міласэрнасць. Свята працягнулася выступленнямі юных вучняў нядзельнай школы і пажылых прыхаджан з духоўнымі вершамі і малітвамі ва славу Богу. Таксама гучалі песні ў выкананні  маленькіх і юных артыстаў. Шмат запамінальных і яскравых нумароў прадставілі калектывы “Маленькая фея” і «Карамелькі». Сапраўды, кажуць жа, што дзеці знаходзяцца бліжэй да Бога. Сваімі шчырымі і светлымі выступленнямі яны і парадавалі гледачоў у гэты святочны дзень.
Андрэй БУРЭЦ.
Фота Марыны ЖАКАЎКА

на прыступках Свята-Успенскай царквы маленькія Мікалай і Марыя Міронавы, Ціхан Чарноў, прапрапрадзеды якіх Іван Цітовіч і Канстанцін Буйка прымалі ўдзел у яе будаўніцтве

Фота Марыны ЖАКАЎКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *