Яны прайшлі ваеннымі дарогамі Афганістана — Анатолій Каробачкін
Праз агонь Афганістана прайшло больш за 60 шаркаўчан. А гэта значыць, што далёкая вайна сваімі чорнымі крыламі апаліла спакой больш чым у 60 сем’ях нашых землякоў. Закранула яна і сям’ю Валянціна і Ніны Каробачкіных.
Іх сына Анатолія адразу пасля прызыву на службу накіравалі ў Туркменістан у “каранцін”. Там ён знаходзіўся на працягу двух тыдняў. Далей шлях маладога байца ляжаў у ахоплены вайной Афганістан.
— Служыў я ў 395-м пяхотным палку ў горадзе Пулі-Хумры, — прыгадвае Анатолій. — З’яўляўся вадзіцелем баявой машыны БТР-60. Успаміны пра той час і сёння не даюць спакою. Ноччу часта сняцца ваенныя падзеі, перастрэлкі, у якія трапляў я са сваімі сябрамі, смерць блізкіх таварышаў. Гэта ніколі не забудзецца. Наогул, у Афганістане я прабыў 1 год і 2 месяцы. 8 месяцаў даслужываў у Самаркандзе Узбекскай ССР.
Пасля дэмабілізацыі Анатолій Валянцінавіч працаўладкаваўся на службу ў Шаркаўшчынскі раённы аддзел унутраных спраў. У 2006 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак у званні маёра. Цяпер жа былы воін-інтэрнацыяналіст працуе вадзіцелем у раённай ветэрынарнай станцыі.
Шаркаўчане, якія ваявалі ў чужой краіне, спаўна зведалі гора і нястачы, але не зламіліся псіхалагічна — змаглі пабудаваць дастойнае жыццё, знайсці сваё месца ў прафесійнай дзейнасці і стаць дастойным прыкладам для падрастаючага пакалення.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Comments are closed.